Close
Курс валют: $ 3.472 | € 3.614 | ₽100 3.3802 | 
 Погода в Бешенковичах: 5 °Cнебольшой дождь

На повестке дня у аграриев Бешенковиччины — сев озимых и уборочная кампания

Не за гарамі ўжо і збор ураджаю, а клопатаў яшчэ шмат. Асаблівасці падрыхтоўкі да жніва, а таксама рамонту тэхнікі кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў раёна абмеркавалі на выязной нарадзе, якая адбылася на базе філіяла "Свіціна-ВМК" ААТ "Віцебскі мясакамбінат". <P>

Гайдае вецер каласы. Лашчыць іх сонца. Спее, хвалюецца жытнёвае мора. У аграрыяў жа адна справа змяняе другую, і ўсё неабходна зрабіць максімальна хутка і якасна, бо лета – самы гарачы час на вёсцы.


Таму сельгасвытворцы выкарыстоўваюць кожную хвіліну. Не за гарамі ўжо і збор ураджаю, а клопатаў яшчэ шмат: тэхніку падрыхтаваць, вызначыцца з камбайнерамі, хто сядзе за штурвал магутных агракараблёў і інш. Асаблівасці падрыхтоўкі да жніва, а таксама рамонту тэхнікі кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў раёна на чале з выконваючым абавязкі старшыні райвыканкама С. Г. Акуневічам абмеркавалі на выязной нарадзе, якая адбылася на базе філіяла «Свіціна-ВМК» ААТ «Віцебскі мясакамбінат».


На парадку дня былі пытанні гатоўнасці камбайнаў, падрыхтоўкі памяшканняў да зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы і пачатку ўзворвання глебы пад азімыя збожжавыя культуры, да сяўбы якіх засталося зусім няшмат часу. Сёлета, дарэчы, запланавана пасеяць 9600 га азімых культур, а гэта значыць, што за дзень, калі пачаць зараз, трэба ўзворваць каля 400 га.


На машынным двары ўдзельнікаў нарады сустрэла дырэктар гаспадаркі Л. П. Мамойка. Людміла Пятроўна расказала пра тое, якія падыходы выкарыстоўваюць працаўнікі пры падрыхтоўцы тэхнікі, збожжасушыльных комплексаў. На жніве 2017 года ў гаспадарцы будзе задзейнічана 8 камбайнаў, за падрыхтоўку якіх работнікі ўзяліся грунтоўна (выходзілі нават у выхадныя). Усяго ж АПК раёна падчас жніва плануе задзейнічаць 66 збожжаўборачных камбайнаў. Гатоўнасць збожжаўборачнай тэхнікі складае 73%.


Падчас выязной нарады да прысутных звярнуліся намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. А. Булаўкін, начальнік аддзела вытворчасці, збыту прадукцыі і інтэнсіфікацыі сельгасвытворчасці ўпраўлення райсельгасхарчу М. В. Кавалёнак і яго намеснік А. В. Баранок, галоўны ветэрынарны ўрач раёна, начальнік ДЛПУ «Бешанковіцкая раённая ветстанцыя» С. А. Косцюшаў, галоўны дзяржаўны інжынер-інспектар, начальнік Бешанковіцкай інспекцыі Дзяржтэхнагляду В. Г. Падрэз.


Перад сельгасвытворцамі сёння адна з асноўных задач – рамонт жывёлагадоўчых памяшканняў, таму невыпадкова ўдзельнікі нарады завіталі на ферму, дзе кіраўнік гаспадаркі прадэманстравала, як ідзе яе падрыхтоўка. Асаблівую ўвагу Сяргей Генадзьевіч акцэнтаваў на стане прыфермскіх тэрыторый: каб было прыемна глянуць і ўнутры, і звонку, адрамантавана, абкошана і г. д. Працы ў гэтым накірунку сапраўды шмат.


– Рыхтаваць па ферме за тыдзень – гэта рэальна, калі ўзяцца сур’ёзна і адказна, – адзначыў Аляксандр Віктаравіч Баранок.


Завіталі ўдзельнікі нарады і на поле, каб кожны кіраўнік і спецыяліст мог паглядзець пасевы і параўнаць з уласнымі. Ацанілі гарох «Саламанка» – гатунак з высокай устойлівасцю да палягання (пакуль вырошчваць яго паспрабавалі толькі свіцінцы і наватарцы), а таксама гібрыднае жыта «Бона» (высокаўраджайнае, пры належным доглядзе і падкормцы дае да 100 ц/га).


Завяршаючы нараду, Сяргей Генадзьевіч рэзюмаваў сказанае і даў сельгасвытворцам рэкамендацыі па ўсіх праблемных пытаннях.


– Кожны камбайн павінен быць задзейнічаны на жніве, таму асноўную ўвагу зараз трэба звярнуць на падрыхтоўку збожжаўборачнай тэхнікі, але не варта забывацца і на іншыя работы, – адзначыў кіраўнік раёна. – Поспех шмат у чым залежыць не толькі ад умоў надвор’я, якія пакуль нам спрыяюць, але і ад зладжанасці і адказнасці ўсіх працаўнікоў.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Leave a comment
scroll to top