Прачытаўшы тэму эсэ, задумалася. А за што мы сёння ў адказе? Шукаючы адказ на гэта пытанне, я пачала разважаць.
Па-першае, мы сёння ў адказе за саміх сябе, паколькі ад нас залежыць, кім мы станем у будучым. З дзяцінства мы можам выбраць, чым заняцца ў вольны час, апрача заняткаў у школе – аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя секцыі, музычныя студыі. А калі закончым школу, самі выбіраем сабе навучальную ўстанову, у якой атрымаем тую спецыяльнасць, якая па душы, якая будзе прыносіць задавальненне нам, карысць краіне, народу. Я люблю спяваць, удзельнічаю ў шматлікіх конкурсах, маю ўзнагароды і дыпломы. Магчыма, што ў далейшым свой лёс звяжу з музыкай і песняй. Каб усё так атрымалася, трэба шмат працаваць, развівацца, чытаць, займацца любімай справай.
Па-другое, мы сёння ў адказе за сваю сям’ю. Каб нашы родныя пражылі доўга і шчасліва, мы павінны іх радаваць добрымі справамі, добрымі адзнакамі, акружаць іх павагай і любоўю. Сёння бацькі клапоцяцца пра нас, а прыйдзе час, мы павінны будзем забяспечыць ім дастойную старасць.
Па-трэцяе, мы ў адказе за сваіх сяброў. Сапраўдная дружба мацуецца гадамі. Мару, каб так, як ў маёй мамы, заўсёды побач былі сябры і добрыя знаёмыя.
Па-чацвёртае, мы ў адказе за сваю краіну, у якой будзем жыць мы, нашы дзеці. Мы ў адказе за будучыню Беларусі – краіну, якую атрымаем у спадчыну ад старэйшага пакалення. Нам працягваць звычаі і традыцыіі нашых продкаў. Нам берагчы родную мову. Пакуль ёсць мова – ёсць народ, ёсць мая Айчына.
Па-пятае, мы ў адказе за мір на зямлі. Беларусы і сёння памятаюць пра тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, клапоцяцца пра ветэранаў. Нядаўна сталіца нашай дзяржавы – горад-герой Мінск – стала пляцоўкай для вырашэння ваеннага канфлікту ва Украіне. Людзі майго пакалення павінны вырашаць усе спрэчкі паміж краінамі і народамі без дапамогі зброі. Я пераканана ў тым, што народы свету не павінны фінансаваць узбраенне, а лепш накіроўваць гэтыя грашовыя сродкі на лячэнне дзяцей і ўсіх тых, каму патрэбна медыцынская дапамога. Спадзяюся, што ў будучым не будзе войнаў на планеце.
Па-шостае, наша зямля – маленькая клетачка жывога Космасу, што дыхае, гаворыць і чуе. Усё, што нас акаляе, што дае нам сілу, прыгажосць – гэта прырода, якую мы павінны аберагаць, быць руплівымі яе гаспадарамі.
Калі падагуліць усё пералічанае, атрымліваецца, што мы ў адказе і за сябе, і за ўсё, што адбываецца навокал. За намі будучае і сваё, і сваёй краіны, і планеты Зямля. Якім быць гэтаму будучаму, вырашаць сёння нам.
Вікторыя БАКУНОВА, вучаніца Бачэйкаўскай СШ, член гуртка «Юны журналіст».