З кожным днём прыгажэе парк камсамольцаў у райцэнтры. У ім устаноўлена большая частка экспазіцыі музея ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам, выкананы вялікі аб’ём работ па ўкладцы бетоннай тратуарнай пліткі на пешаходных дарожках.
У мінулыя выхадныя ў парку завяршылася рэканструкцыя помніка, устаноўленага ў гонар загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны камсамольцаў.
Мантаж скульптурнай кампазіцыі заняў усяго адзін дзень, а вось каб выканаць увесь аб’ём падрыхтоўчых работ, спатрэбіўся даволі працяглы тэрмін – больш за два месяцы.
Спачатку брыгада ліцейшчыкаў з Віцебскіх мастацкіх майстэрань пад кіраўніцтвам скульптара А. Н. Тарасяна зрабіла замер помніка. Затым скульптар вылепіў з гліны барэльеф будучага помніка, згодна якому ліцейшчыкі зрабілі форму, вырабілі са штучнага граніту кампазіцыю і ўстанавілі яе. Уверсе замацаванай да помніка чырвонай пліты знаходзіцца сімвал Перамогі – сцяг, пад якім залатымі літарамі напісаны тэкст аб тым, у гонар якой падзеі ўстаноўлены манумент.
Помнік у новым абліччы значна змяніў выгляд парку, зрабіў яго прыгажэйшым і больш прывабным.
Тэкст і фота Леаніда АКУЛЁНКА.