Close
Курс валют: $ 3.415 | € 3.5911 | ₽100 3.3927 | 
 Погода в Бешенковичах: -3 °Cнебольшая облачность

На связи – руководство ТЦСОН

27 верасня "прамую тэлефонную лінію" па пытаннях сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва правядзе дырэктар ДУ "ТЦСАН Бешанковіцкага раёна" Аляксандр Сяргеевіч Мацэвіч. <P>

Другі год запар з мэтай павышэння кваліфікацыі і прэстыжу прафесіі даяркі, а таксама з улікам важнасці абмену вопытам для атрымання высокіх вытворчых паказчыкаў, у раёне праводзіўся раённы агляд-конкурс сярод аператараў машыннага даення.


У працаўніц вёскі з сямі гаспадарак раёна была магчымасць паказаць сваё майстэрства ў гэтым прафесійным спаборніцтве, праверыць тэарэтычныя веды і стаць лепшымі з лепшых. Месца для правядзення чарговага раённага агляду-конкурсу было абрана не выпадкова – на МТФ «Вядзерава» аднайменнай гаспадаркі створаны добрыя ўмовы для ўтрымання жывёлы і працы жывёлаводаў.


З прывітальным словам да канкурсантак звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу С. Г. Акуневіч. Сяргей Генадзьевіч адзначыў, што бешанковіцкія даяркі ведаюць цану сялянскай працы, разумеюць, як нарошчваць аб’ёмы вытворчасці малака, зніжаючы выдаткі. Прадстаўнікі самай масавай жывёлагадоўчай прафесіі з года ў год дасягаюць рэкордных паказчыкаў у валавой вытворчасці малочнай прадукцыі. Напрыклад, па выніках 2015 года прадуктыўнасць дойнага статка рэгіёна склала 5200 кілаграмаў малака на 1 карову. У гэтай лічбе закладзена не толькі праца аператараў машыннага даення кароў, але і ўсіх работнікаў сельгасвытворчасці: заатэхнікаў, загадчыкаў фермаў, ветурачоў. Таму Бешанковіччына можа ганарыцца працавітасцю і поспехамі працаўнікоў вёскі.


А тое, што ад даяркі залежыць дабрабыт той ці іншай гаспадаркі, яны даказалі падчас конкурсу. З умовамі яго правядзення аператараў машыннага даення кароў пазнаёміў намеснік начальніка аддзела вытворчасці, збыту прадукцыі і інтэнсіфікацыі сельгасвытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. В. Баранок.


Паспаборнічаць у майстэрстве вырашылі восем лепшых даярак Бешанковіччыны. Гонар ДП «ДраздыАгра», напрыклад, абараняла Г. А. Губарэвіч. За плячыма ў Ганны Аляксандраўны 10 гадоў працы даяркай. Валавая вытворчасць малака ў яе групе ў першым паўгоддзі 2016 года склала 111 тон, надой на карову – 2618 кілаграмаў. Ад ДП «ПалітаддзелецАгра» ў конкурсе ўдзельнічала А. Р. Белязека, якая мае 19 гадоў стажу ў сельгаспрадпрыемстве, 11 з іх – у якасці аператара машыннага даення. Антаніна Рыгораўна за 6 месяцаў бягучага года атрымала ў сярэднім ад каровы па 3735 кілаграмаў малака, а валавы надой у яе групе дасягнуў 159 тон.


ААТ «Бешанковічы аграсэрвіс» камандзіравала на конкурс Т. І. Кошалеву, якая мае 25 гадоў стажу ў гэтай прафесіі. 11 гадоў сваёй працоўнай біяграфіі малочнай галіне прысвяціла і прадстаўніца ДП «ПлісыАгра» Н. М. Аўчыннікава.


Усяго два гады працуе ў галіне малочнай жывёлагадоўлі, а ўжо дэманструе высокае майстэрства і аператар машыннага даення з УП «Свіціна-ВМК» А. А. Шчука. Алена Алегаўна ў першым паўгоддзі ў сваёй групе атрымала валавы надой 163 тоны малака, надой на карову склаў 3077 кілаграмаў.


Вялікі стаж працы ў якасці даяркі быў у прадстаўніцы ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» В. Р. Варкулевіч – 21 год, а ў цэлым у сельгасвытворчасці – 30 гадоў. Вольга Рыгораўна атрымала сёлета 5125 кілаграмаў малака на карову, валавая вытворчасць у яе групе склала 143 тоны.


УП «Вядзерава» ў конкурсе прадстаўлялі дзве даяркі. І. А. Архіпава ў прафесіі амаль 11 гадоў, дэманструе стабільна высокі вынік у рабоце. Валавая вытворчасць малака ў групе Ірыны Архіпаўны ў першым паўгоддзі склала 214 тон, надой на карову – 3060 кілаграмаў. Усяго два гады працуе ў гаспадарцы Т. С. Бурунова. Дарэчы, 22-гадовая Таццяна Самуілаўна аказалася самай маладой удзельніцай конкурсу. Але паказчыкі яе працы таксама радуюць (валавы надой дасягнуў 236 тон, надой на карову – 3380 кілаграмаў).


Для правядзення конкурсу была створана камісія, у склад якой увайшлі спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, ДЛПУ «Бешанковіцкая раённая ветстанцыя», заатэхнікі гаспадарак раёна.


Прафесійнае спаборніцтва праходзіла ў два этапы. Спачатку прадстаўнікоў самай масавай жывёлагадоўчай прафесіі праэкзаменавалі ў тэорыі, прапанавалі адказаць на 10 пытанняў у выглядзе тэстаў. Лепшы вынік у тэарэтычным туры паказалі Алена Алегаўна Шчука з УП «Свіціна-ВМК» і прадстаўніца ДП «ДраздыАгра» Ганна Аляксандраўна Губарэвіч. Абедзве набралі па 20 балаў.


Другі этап быў практычным. Па сігнале суддзяў аператары машыннага даення рыхтавалі апарат да працы і даілі па дзве каровы. Па ўмовах конкурсу ўлічваўся час даення, сам працэс і яго заключныя аперацыі. Пасля заканчэння даення суддзі санітарнага паста зрабілі адбор проб для вызначэння чысціні малака і паўнаты выдойвання. Судзейская камісія таксама дала ацэнку санітарнай падрыхтоўцы ўдзельніц да конкурсу, культуры іх працы.


Урачыстая частка з падвядзеннем вынікаў і ўзнагароджаннем пераможцаў адбылася ў Доме культуры аграгарадка Астроўна. Падняўшыся на сцэну, С. Г. Акуневіч адзначыў высокі прафесійны ўзровень усіх удзельніц конкурсу, падзякаваў ім за любоў і адданасць сваёй справе.


Першы прыз і званне «Лепшага па прафесіі» ў раённым аглядзе-конкурсе сярод аператараў машыннага даення кароў атрымала А. А. Шчука з УП «Свіціна-ВМК». Алена Алегаўна набрала 95 балаў, пацвердзіўшы сваё майстэрства і працавітасць. Усяго 5 балаў ёй саступіла прадстаўніца ДП «ПалітаддзелецАгра» Антаніна Рыгораўна Белязека, якая заняла другое месца. Трэці вынік (87 балаў) у Т. І. Кошалевай з ААТ «Бешанковічы аграсэрвіс». Падарункі для прызёраў набылі і ўручылі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В. М. Долгі і калектыў райплемстанцыі.


Была заснавана і спецыяльная намінацыя «Самая маладая ўдзельніца» – Таццяну Самуілаўну Бурунову ўшаноўвала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т. В. Бажадомава.


Безумоўна, каб у пашане быць, трэба працу сваю любіць. Таму і тых, хто прайграў, у гэты дзень не было. Конкурс прафмайстэрства для аператараў машыннага даення ператварыўся ў сапраўднае свята з граматамі ад упраўлення райсельгасхарчу за ўдзел для ўсіх працаўніц вёскі, каштоўнымі прызамі ад гаспадарак раёна і музычнымі віншаваннямі ад работнікаў культуры і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці СДК аграгарадка Астроўна.


За выдатную падрыхтоўку сельгаспрадпрыемства да раённага агляду-конкурсу кіраўніку УП «Вядзерава» В. С. Бярозку і заатэхніку гаспадаркі Ю. Б. Карнаковай уручаны падзячныя лісты ўпраўлення райсельгасхарчу. Падзякі таксама атрымалі заатэхнікі гаспадарак, дзе працуюць прызёры конкурсу, Д. Г. Шчуплянкова (УП «Свіціна-ВМК»), Т. Л. Кавалёнак (ДП «ПалітаддзелецАгра») і І. В. Асташкевіч (ААТ «Бешанковічы аграсэрвіс»).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

0 Comments
scroll to top