На мінулым тыдні выйшлі ў поле хлебаробы ЗАТ «ААБ-Агра Наватар». План па ўборцы збожжавых і зернебабовых у гаспадарцы складае 3276 гектараў. Па дадзеных на 26 ліпеня, абмалацілі ўжо 8,2%, ці 269 гектараў. Намалацілі рупліўцы 835 тон і вывелі гаспадарку ў лідары. Дарэчы, тут і адна з самых высокіх у раёне ўраджайнасць – 32 цэнтнера з гектара.
… Хвалюецца ніва. Хіляцца долу спелыя каласы. Чакаюць, пакуль возьмецца за іх клапатлівая рука хлебароба. У прасторы хлебнага мора плывуць агракараблі. Пакуль іх толькі сем. На некаторых замігала сігнальная лямпачка – знак вадзіцелям, што трэба падагнаць машыну, бо бункер ужо запоўнены. Задаволена пазіраюць на залатое збожжа «капітаны» і іх памочнікі. Настрой ва ўсіх баявы. Сярод экіпажаў нават пачалі акрэслівацца лідары. Лепшы вынік на ўборцы ў камбайнера Уладзіміра Валер’евіча Пяхоты. Разам з памочнікам Андрэем Мікалаевічам Рудаком ён намалаціў, з улікам азімага рапсу, амаль 182 тоны. Старанна ўключыліся ў працу Аляксей Мікалаевіч Гарлан і Уладзімір Аляксандравіч Чэрнік. Іх экіпаж, з улікам азімага рапсу, намалаціў 168 тон. А вось экіпаж, у складзе якога працуюць браты Уладзімір Дзмітрыевіч і Дзмітрый Дзмітрыевіч Міленкі, запісаў на свой рахунак 152 тоны збожжа.
За штурваламі іншых агракараблёў – Дзмітрый Мікалаевіч Сінкевіч і Вячаслаў Аркадзьевіч Гушча, Алег Мікалаевіч Кузьмін і Юрый Алегавіч Аксёнаў, Эдуард Іосіфавіч Каспяровіч і Аляксандр Іванавіч Камінскі, Мікалай Аляксандравіч Мічтоў і Антон Вячаслававіч Целепнеў.
На адвозцы ў лідарах – Андрэй Валер’евіч Альшэўскі. Ён перавёз 224 тоны збожжа. Побач з ім шчыруюць Юрый Мікалаевіч Балышкін, Аляксандр Уладзіміравіч Аксюта, Андрэй Уладзіміравіч Дашкевіч і Сяргей Віктаравіч Кульгавы.
Доўга адпачываць экіпажам магутных агракараблёў не выпадае: праца перш за ўсё. На тое, каб зрабіць фотаздымак і пагутарыць, у нас было некалькі хвілін (на здымку). Практычна адразу камбайны рушылі наперад, горда выконваючы сваю нялёгкую справу. Вось і яшчэ адзін участак убралі. Цяпер трымаюць шлях далей, нібы чарада птушак. Ужо і гук знік, згубіўся ўдалечыні, застаўся толькі след: па-майстэрску падстрыжанае ржышча…