У мінулую суботу на гарадскім стадыёне разгарнулася сапраўдная спартыўная бітва – фінал Кубка Віцебскай вобласці па футболе, дзе сустрэліся дзве моцныя футбольныя каманды – ФК “Сянно” і ФК “Лепель”.
Сорак хілін упартай барацьбы не прайшлі дарэмна. На сорак першай хвіліне сенненскі гулец Артём Ладноў забіў гол у вароты праціўніка. Гледачы былі ў захапленні. Яны крычалі і дудзелі, пляскалі ў ладкі. Аднак пакапрызнічаць захацела прырода. Знянацку пайшоў дождж. Калі ж пачаўся другі тайм, надвор’е быццам наладзілася, ды сонейка свяціла нядоўга. Лівень крыху астудзіў запал балельшчыкаў, але не саміх гульцоў. Нішто ўжо не магло спыніць гэтую бітву: ні дождж, ні лужыны на полі.
З дапамогай Арцёма Пыхціна, які забіў гол на 53 хвіліне, лепельскія футбалісты адыграліся, зраўняўшы лік. Яны гулялі годна, аднак праз сем хвілін у вароты лепяльчан трапіў яшчэ адзін мяч, ён на рахунку сенненца Яўгена Самарына. Праз сямнаццаць хвілін спартсмен забіў ізноў.
Як ні імкнуліся лепяльчане падтрымаць любімую каманду, ды лік так і застаўся 3:1. Фартуна ўсміхнулася сенненцам. Напэўна, і сама бешанковіцкая зямля спрыяе ФК “Сянно”, бо камандзе тут пашчасціла не ўпершыню. З перамогай вас, дарагія суседзі!