Часта на першым плане знаходзіцца праца аграрыяў: камбайнераў, механізатараў. Каб прыцягнуць увагу да поспехаў тых, дзякуючы каму на нашым стале кожны дзень ёсць малако і мяса, са снежня 2017 па красавік 2018 года праводзіцца рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод», якую ініцыяваў Беларускі прафсаюз работнікаў АПК.
У спаборніцтве прымаюць удзел малочнатаварныя фермы, аператары машыннага даення, аператары па гадоўлі і адкорму маладняку буйной рагатай жывёлы, аператары па гадоўлі, адкорму свіней. Лепшыя калектывы ферм (комплексаў) па вытворчасці малака будуць вызначацца па выніках працы за квартал, а аператары машынага даення, па гадоўлі і адкорму маладняку буйной рагатай жывёлы, свіней – штомесячна. Спаборніцтвы сярод аператараў машыннага даення ва ўзросце да 31 года праводзяцца асобна і пераможца вызначаецца штомесячна.
Як адзначыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Яўгенія Сцяпанаўна Фіешка, абласныя, раённыя і пярвічныя структуры прафсаюза наведваюць малочнатаварныя фермы і комплексы, сустракаюцца з працаўнікамі, даведваюцца пра іх дасягненні і планы. У кожным раёне, вобласці будуць падводзіцца вынікі.
Наперадзе – вызначэнне лепшых з лепшых жывёлаводаў сельгасарганізацый раёна, што дасягнуць найвышэйшых паказчыкаў. Штодзённая нялёгкая праца прафесіяналаў малочнай галіны не застанецца незаўважанай. Добрасумленная і эфектыўная дзейнасць абавязкова павінна быць узнагароджана.