У мінулую пятніцу ў абласным цэнтры ў канцэртнай зале «Віцебск» прайшоў урачысты сход, прысвечаны 80-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці, а таксама цырымонія ўшанавання лепшых працаўнікоў розных сфер, тых, хто ўнёс найбольш важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё паўночнага рэгіёна краіны – лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны-2017». Шчырыя віншаванні і пачэсныя ўзнагароды, шыкоўныя кветкі, гарачыя апладысменты і безліч кампліментаў – незабыўныя моманты ўрачыстасці, што праходзіць ужо ў дзясяты раз і заўсёды святкуецца з такім шырокім размахам.
Павіншаваць прыдзвінскі край з юбілеем прыехалі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў, старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Косінец, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін, кіраўнікі міністэрстваў, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, ганаровыя госці з іншых рэгіёнаў Беларусі, Смаленскай, Пскоўскай, Саратаўскай і Бранскай абласцей Расіі.
Ва ўрачыстай абстаноўцы У. П. Андрэйчанка абвясціў Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь працаўнікам Віцебшчыны за значны ўклад ва ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці і ў сувязі з 80-годдзем з дня ўтварэння вобласці. Істотным падарункам да юбілею стала таксама і вылучэнне са сродкаў рэзервовага фонду Прэзідэнта мільёна рублёў на фінансаванне ў 2018 годзе рэканструкцыі корпуса абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера.
– Гэта ўзнагарода – высокая ацэнка працы шматлікіх пакаленняў працаўнікоў. 80 гадоў – не проста круглая дата, а напамін пра тое, што Віцебская вобласць мае вялікую гісторыю, багатыя духоўныя і культурныя традыцыі. Віцебшчыне ёсць чым ганарыцца і ў прамысловым, і ў аграрным сектары, і ў сацыяльнай сферы, але самы вялікі здабытак – выдатныя людзі, якія працуюць на гэтай старажытнай зямлі. Людзі працавітыя, прадпрымальныя, таленавітыя і гасцінныя, тыя, хто любіць свой край, – адзначыў Уладзімір Паўлавіч.
Акрамя таго, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ўручыў старшыні аблвыканкама М. М. Шарснёву Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якой ўзнагароджана Віцебская вобласць.
Кіраўнік рэгіёна адзначыў сімвалічнасць таго факта, што падчас святкавання 80-годдзя вобласці праходзіць і цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў пачэснага звання.
– Гэта выдатная падзея збірае прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў Прыдзвіння. Мы ўшаноўваем людзей, якія сваімі працоўнымі дасягненнямі, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, асабістымі якасцямі заслужылі павагу калег і набылі вядомасць у грамадстве. Прафесіяналы сваёй справы – залаты фонд краю, – адзначыў старшыня аблвыканкама.
Зараз у регіёне выпрацоўваецца трэць усёй электраэнергіі рэспублікі, вырабляецца 100% даламітавай мукі, больш за 90% ільняных тканін, палімераў этылену, дываноў і дывановых вырабаў, звыш 50% абутку. Знешнегандлёвыя адносіны звязваюць вобласць са 110 дзяржавамі свету. За межы Беларусі адгружаецца больш за палову прадукцыі, што вырабляецца ў вобласці. Вырабы з віцебскай маркай пастаўляюцца ў 90 краін свету. Пры гэтым за мінулы год экспарт вырас у паўтара раза. Павялічваюцца аб’ёмы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, ствараюцца буйныя аграхолдынгі, якія вызначаюць сучасныя шляхі развіцця аграпрамысловага комплексу і яго эфектыўнасць. У 2017 годзе пачалі дзейнічаць каля 300 прадпрыемстваў і вытворчасцей.
Пазітыўныя змены адбываюцца і ў рэальным сектары эканомікі, і ў сацыяльнай сферы. Штогод адчыняюць дзверы новыя аб’екты аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту. Асаблівая ўвага надаецца малым гарадам і пасёлкам, стварэнню ў іх спрыяльных умоў для жыцця.
– Населены пункт Копысь стаў эталонам падобных пераўтварэнняў. І ў далейшым мы будзем штогод па гэтым прыкладзе ўладкоўваць яшчэ па два пасёлкі. Сёлета пераўтварэння чакаюць Езярышча (Гарадоцкі раён) і Балбасава (Аршанскі раён), – падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч Шарснёў.
Кіраўнік Віцебскай вобласці ўручыў узнагароды 50 лаўрэатам ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны» і ганаровыя дыпломы тром старшыням Віцебскага аблвыканкама розных гадоў – Уладзіміру Кулакову, Уладзіміру Андрэйчанку і Аляксандру Косінцу. Трэба адзначыць, што сёлета конкурс крыху змяніўся – скарацілася колькасць узнагароджаных (у ранейшыя гады іх было 100) і замест 20 намінацый засталося толькі пяць, што аб’ядноўваюць усе галіны народнай гаспадаркі.
Новы фармат запатрабаваў больш ўважлівага разгляду кандыдатур, якія прадставілі ўсе раёны вобласці, і тыя, хто апынуўся ў спісе, – самыя вартыя. За ўсе гады існавання конкурсу ганаровага звання ўдастоены 900 чалавек. На жаль, гэты раз працаўнікам нашага раёна не ўдалося трапіць у лік лаўрэатаў. Аднак і ў нас нямала годных людзей, шчырых і адданых сваёй справе. За гэты час лаўрэатамі звання «Чалавек года Віцебшчыны» сталі 23 прадстаўнікі Бешанковіччыны. Дэлегацыя нашага раёна на чале са старшынёй райвыканкама А. А. Булаўкіным таксама прысутнічала на ўрачыстасці, каб па-брацку парадавацца за тых, хто заслужыў тытул па выніках работы за 2017 год.
Сапраўды, славу сваёй зямлі ствараюць людзі. А жыхары Віцебскай вобласці заўсёды былі годнымі працаўнікамі і абаронцамі Айчыны. Больш за 300 ураджэнцаў вобласці сталі Героямі Савецкага Саюза, Героямі Сацыялістычнай Працы, Героямі Беларусі, Героямі Расійскай Федэрацыі, поўнымі кавалерамі ордэнаў Славы і Працоўнай Славы. Ушанаванне працаўнікоў Віцебшчыны праходзіць у пачатку года і гэта добры знак для таго, каб перагарнуць яшчэ адну старонку ў летапісе рэгіёна, даць старт чарговаму этапу развіцця. Лепшыя прадстаўнікі розных прафесій сваім прыкладам натхняюць людзей на новыя здзяйсненні.
Завяршылася ўрачыстасць святочным канцэртам. Удзельнікаў і гасцей мерапрыемства віншавалі лепшыя мастацкія калектывы вобласці. Акрамя таго, можна было паспытаць прадукцыю вядучых прадпрыемстваў харчовай прамысловасці. Чаго толькі тут не было! Каўбасы і сыры, малако, гарачыя блінцы і прысмакі, шмат розных далікатэсаў: верхнядзвінскіх, мёрскіх, віцебскіх, полацкіх…
Нямала працаўнікоў на нашай зямлі, што з вялікай любоўю адносяцца да абранай справы і адданыя ёй, верныя слаўным традыцыям. У іх гонар прагучала нямала цёплых, праніклівых слоў. І гэта справядліва, бо добрае нельга забываць. Хвала і гонар працавітым рукам! Ім падуладна ўсё: і немагчымае могуць зрабіць магчымым, і мары – рэальнасцю. Нізкі вам паклон, шаноўныя працаўнікі! Далейшых поспехаў і плёну на нялёгкай працоўнай ніве!
Марыя САНЬКО.