Дзень Перамогі. Дзень Памяці. Дзень Славы. Свята, якое аб’ядноўвае ўсе пакаленні. 73 гады назад перамогай над фашызмам скончылася самая страшная вайна ў гісторыі чалавецтва. Беларусь панесла велізарныя страты. У час Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны трэці жыхар краіны. Не засталося ніводнай сям’і, якую б не кранула вайна.
Але беларусы выстаялі, прайшлі праз пекла нацысцкай акупацыі і неймаверных зверстваў, што ўчыняліся на тэрыторыі рэспублікі. І не проста выстаялі – перамаглі ворага дзякуючы адзінаму парыву ўсяго народа жыць свабодна на сваёй зямлі.
9 мая навечна ўвайшло ў сэрцы беларусаў, як старэйшага, так і малодшых пакаленняў. Гэта дзень, калі мы дзякуем ад усёй душы ветэранам – удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, тым людзям, хто коштам уласнага жыцця зрабіў Беларусь вольнай, незалежнай дзяржавай.
Дзень Перамогі ва ўрачыстай абстаноўцы адзначылі і ў Бешанковіцкім раёне. Каляровыя шары, стужкі з дзяржаўнай сімволікай і кветкамі яблыні, нацыянальны сцяг упрыгожылі сфарміраваную з ліку прадстаўнікоў мясцовай улады, працоўных калектываў, школьнікаў і гімназістаў калону. Яшчэ больш важкасці памятнай даце надала акцыя «Бессмяротны полк». Яе ўдзельнікі прыйшлі на парад Вялікай Перамогі з партрэтамі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія не дажылі да сённяшняга дня і не змаглі самі паўдзельнічаць у святочных мерапрыемствах. Яны зліліся з калонай, каб разам з землякамі прайсціся па цэнтральнай вуліцы гарпасёлка.
Святочнае шэсце стартавала а 10-й гадзіне па традыцыйным ужо маршруце – з цэнтральнай плошчы гарпасёлка да Кургана Славы. Пачэснае месца ў ім занялі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Ігнатавіч Бабаед, Сяргей Несцеравіч Карась, Канстанцін Карпавіч Вялічка, Павел Фёдаравіч Гнеўка, Іван Іосіфавіч Захарчанка, Дзмітрый Нікіфаравіч Агейчанка, якія па традыцыі праехалі ў святочным картэжы. У знак вялікай удзячнасці за ратны подзвіг нашчадкі пакалення Пераможцаў усклалі кветкі і вянкі да помнікаў.
Мітынг-рэквіем на Кургане Славы адкрыў старшыня райвыканкама А. А. Булаўкін. Андрэй Анатольевіч шчыра павіншаваў ветэранаў і землякоў з 73-й гадавінай Вялікай Перамогі, выказаў падзяку пакаленню Пераможцаў за іх мужнасць, гераізм, якія назаўсёды застануцца ў памяці нашчадкаў. Са святам прысутных павіншаваў і ваенны камісар Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў А. М. Савіч. Ад імя прыдзвінскай моладзі словы падзякі ўдзельнікам вайны і працаўнікам тылу выказаў гімназіст Ілья Новікаў. Памяць пра тых, хто не вярнуўся з вайны і хто пайшоў з жыцця ў мірны час, жыхары раёна ўшанавалі хвілінай маўчання.
Па завяршэнні мітынгу святкаванне Дня Перамогі працягнулася ў цэнтральным парку. Старшыня райвыканкама А. А. Булаўкін уручыў ветэранам падарункі. Да віншаванняў далучыліся таксама РК ГА «БРСМ» і Чашніцкая міжраённая арганізацыйная структура ДТСААФ, якія падрыхтавалі для абаронцаў Айчыны сувеніры ў межах акцыі «Падарунак ветэрану».
Святочны канцэрт з удзелам самадзейных калектываў з усяго раёна, а таксама педагогаў і навучэнцаў Бешанковіцкай дзіцячай школы мастацтваў, стаў прыемным падарункам для гасцей свята. Для самых маленькіх прыдзвінцаў працавалі атракцыёны, былі арганізаваны гульнявыя праграмы.
У парку працавалі гандлёвыя рады райпа, выставы майстроў раённага Дома рамёстваў, раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, ТЦСАН. Парадавала выстава малюнкаў дзіцячай творчасці выхаванцаў Бешанковіцкай ДШМ «Вялікая Перамога».
Бібліятэкары, дарэчы, падрыхтавалі для землякоў выставу «Бессмяротны кніжны полк», аформілі экспазіцыю «У кіно і кнігах памяць пра вайну», якую дапоўнілі рэчы ваенных часоў з калекцыі Андрэя Трубецкага, а таксама запрасілі паўдзельнічаць у віктарыне «Вайны свяшчэнныя старонкі».
На стадыёне і ў ДЮСШ праходзілі традыцыйныя спартыўныя спаборніцтвы па міні-футболе на газоне, пляжным і жаночым валейболе, шахматах, гіравым спорце, армрэслінгу, дартсе.
Свята прадоўжылася і ўвечары. Яго арганізатары запрасілі бешанкавічан яшчэ на адзін канцэрт і начную дыскатэку. А 23- гадзіне неба над Бешанковічамі расквецілі яркія фарбы святочнага салюту.
Дзень Перамогі сапраўды стаў «святам са слязамі на вачах», калі краіна успамінае ўсіх сваіх герояў, якія аддалі жыцці за тое, каб сёння нашчадкі жылі пад мірным небам свабоднымі і непакоранымі, увасабляючы ў жыццё мары, рэалізуючы грандыёзныя праекты, развіваючы моцную і квітнеючую Беларусь.