Адкрытае першынство раёна па пляжным футболе прайшло ў Бешанковічах у мінулую суботу. Яго арганізатарам выступіў ФСК «Дзвіна», а фінансавыя выдаткі ўзяло на сябе раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Аматары гэтага віду спорту сабраліся на пляцоўцы, што на вуліцы Маладзёжнай.
Доўгачаканы момант уручэння кубка турніру.
У турніры спаборнічалі пяць каманд: спартсмены з аграгарадка Астроўна, прадстаўнікі ФСК «Дзвіна», РАУС, РАНС і УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік». Гледачоў сабралася багата: дарослыя і дзеці, апошнія нават прывялі з сабой сабаку, што таксама з цікавасцю назіраў, час ад часу парываючыся на поле, нібыта таксама меў жаданне ўступіць у гульню.
Ідзе напружаны матч паміж камунальнікамі і РАНС.
А разгарэлася яна не на жарт, таму клопатаў хапіла і дзяжурнаму медработніку (прадэзінфікаваць рану, зрабіць перавязку і г. д.). Але гульцы разышліся так, што і на падрапаныя калені не зважалі, імкненне да перамогі перасільвала боль.
Па выніках спаборніцтва мацнейшымі сталі футбалісты з РАУС. У фінале ў рашаючым матчы згулялі 1:1, лік у пінальці — 2:1, камунальнікі саступілі сапернікам, заваяваўшы серабро, бронзу ўзялі спартсмены РАНС. Лепшым гульцом турніру прызналі Васіля Сінякова, галкіпера з РАУС, чыё майстэрства не раз выратоўвала каманду, асабліва ў серыі пасляматчавых пінальці.
* * *
Не менш прыгожую, інтрыгуючую гульню спартсмены паказалі падчас першынства раёна па пляжным валейболе, што было за тыдзень да гэтага ў спякотны выхадны на гарадскім стадыёне ў райцэнтры. Спаборніцтвы сабралі лепшых гульцоў, яны адваёўвалі перамогу ўпарта.
Спёка гульні не перашкода.
Фартуна на гэты раз усміхнулася камунальнікам. У напружаным паядынку за першае месца яны перамаглі бачэйкаўцаў з ФСК «Дзвіна», замкнулі тройку лідараў спартсмены са Свячы. Акрамя таго, судзейская калегія вызначыла і лепшага гульца. Ім стаў валейбаліст УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік» Уладзімір Яцук.
На п’едэстале — лепшыя валейбалісты.
Заслужаныя ўзнагароды (кубак пераможцы, граматы і медалі) валейбалістам уручыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў С. В. Бабаед. Святлана Віктараўна цёпла павіншавала прысутных з дасягнутымі вынікамі, пажадала моцнага здароўя, добрага настрою і ў далейшым ісці да новых перамог гэтак жа таленавіта, упарта і паспяхова.
Марыя САНЬКО.