З 1 верасня па 30 чэрвеня навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, а таксама спецыяльнай адукацыі (для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця) Віцебскай вобласці змогуць ездзіць у грамадскім транспарце, які ажыццяўляе гарадскія аўтамабільныя перавозкі пасажыраў, бясплатна.
Бясплатны праезд гарантаваны не толькі ад месца жыхарства да школы і назад, як гэта было раней, але і пры наведванні факультатыўных заняткаў, музычных і іншых гурткоў, спартыўных секцый.
У галоўным упраўленні па адукацыі аблвыканкама патлумачылі, што ўсе вучні могуць атрымаць ва ўстановах адукацыі тыповыя даведкі з фатаграфіяй. Для бясплатнага праезду іх трэба паказаць кандуктару, прычым час праезду дзіця (напрыклад, вечар) значэння не мае. Рашэнне аб дадатковых мерах па сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў было прынята на сесіі абласнога Савета дэпутатаў.
Гэтая льгота распаўсюджваецца і на бешанковіцкіх школьнікаў, якія змогуць бясплатна ездзіць на гарадскім аўтобусе. Дырэктр філіяла “Аўтатранспартнае прадпрыемства №21” ААТ “Віцебскаблаўтатранс” Аркадзь Станіслававіч Гушча расказаў, што школьнікі маюць права праехаць бясплатна на гарадскім аўтобусе да месца вучобы, заняткаў па інтарэсах у гуртках і секцыях. Каб атрымаць такую ільготу, даведку са школы дзеці абавязаны прад’яўляць кандуктару, як толькі ўваходзяць у аўтобус”.
Анжэла ЛЮДЫНА.