На палях яшчэ ляжыць снег, а сельгаспрадпрыемствы раёна ўжо будуюць планы вясенняй сяўбы, актыўна да яе рыхтуюцца, рамантуюць трактары, глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты. Упор робіцца на гатоўнасць да працы, таму зараз тэхніцы – уся ўвага.
Згодна з рашэннем райвыкакама тэхагляд сельгастэхнікі стартуе 12 сакавіка. Першымі пад пільнае вока дзяржінспектара патрапяць трактары наватарскіх рупліўцаў. Варта адзначыць, што агляд трактароў і прычэпаў да іх, што належаць прыватным асобам, якія пражываюць на тэрыторыі раёна, праводзіцца ў той жа час, калі і ў гаспадарках, на тэрыторыі якіх яны знаходзяцца.
Пакуль яшчэ ёсць час, каб давесці да ладу агрэгаты. Як адзначыў галоўны дзяржаўны інспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама В. Г. Падрэз, кіраўнікі прадпрыемстваў абавязаны да пачатку правядзення агляду зарэгістраваць у раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду ўсе трактары, самаходныя сельскагаспадарчыя, меліярацыйныя, дарожна-будаўнічыя машыны, прычэпы і паўпрычэпы, бо незарэгістраваная тэхніка агляду не падлягае.
– У дзень правядзення агляду, механізары павінны мець пасведчанне трактарыста-машыніста і медыцынскую спраўку, што дапушчаны да працы па стане здароўя, – нагадвае Віталь Генадзьевіч. – Акрамя таго, трэба аплаціць дзяржпошліну ў памеры 0,3 б. в. за кожную адзінку тэхнікі і 0,2 б. в. за прычэп і паўпрычэп.
Трактар павінен быць укамплектаваны вогнетушыцелем, знакам аварыйнага прыпынку і аптэчкай. Каб пазбегнуць аварыйных сітуацый, усе трактары і самаходныя машыны павінны быць абсталяваны маячкамі жоўтага колеру, уключанымі ў вячэрні час і пры працы з буйнагабарытнымі прычапнымі машынамі.
Тэхагляд машын, прызнаных няспраўнымі, можа быць праведзены ў той жа дзень пасля ліквідацыі няспраўнасці або ў іншы тэрмін, усталяваны службовай асобай інспекцыі дзяржтэхнагляду. Мы заўсёды ідзем насустрач уладальнікам транспартных сродкаў, аднак і патрабуем выканання ўсіх неабходных рэгламентаў. Бо ад спраўнасці тэхнікі залежыць яе надзейнасць, і, адпаведна, жыццё і здароўе самога працаўніка і ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.
Марыя САНЬКО