Close
Курс валют: $ 3.415 | € 3.5911 | ₽100 3.3927 | 
 Погода в Бешенковичах: 1 °Cясно

В День Конституции школьникам Бешенковичского района вручили паспорта

У мінулую пятніцу з нагоды 25-годдзя з дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў рамках штогадовай Усебеларускай патрыятычнай акцыі ГА «БРСМ» «Мы – грамадзяне Беларусі!» вучні гарадскіх і сельскіх школ раёна, якім споўнілася 14 гадоў, ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі свой галоўны дакумент – пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Гімназісты атрымалі свой галоўны дакумент.

Цырымонія ўручэння адбылася ў РЦК. У прывітальнай прамове старшыня раённага Савета дэпутатаў Г. М. Шведаў павіншаваў усіх прысутных з Днём Канстытуцыі, адзначыўшы пры гэтым каласальнае значэнне Асноўнага Закона для паспяховага развіцця нашай краіны і рэалізацыі магчымасцяў кожнага яе грамадзяніна.

Начальнік аддзела па адукацыі
райвыканкама С. Л. Салоха ўручае пашпарты
юным прыдзвінцам.

Атрыманне пашпарта – ўрачысты момант у жыцці кожнага маладога чалавека. З гэтага моманту хлопцы і дзяўчаты пачынаюць самым непасрэдным чынам удзельнічаць у жыцці нашай дзяржавы і дзякуючы сваім ведам і ўменням спрабаваць мяняць яе ў лепшы бок, вучыцца любіць сваю Радзіму. Пад гучныя апладысменты 55 школьнікам былі ўручаны пашпарты. Цяпер яны паўнапраўныя грамадзяне нашай краіны. Прысутныя на мерапрыемстве ганаровыя госці выказалі ўпэўненасць у тым, што моладзь з гонарам і годнасцю пранясе праз усё жыццё гэта высокае званне. Разам з галоўным дакументам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь юнакі і дзяўчаты атрымалі памятны падарунак – ілюстраванае выданне «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь».

Па традыцыі ў Дзень Канстытуцыі ва ўрачыстай абстаноўцы маладыя прыдзвінцы становяцца членамі ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». На гэты раз з рук першага сакратара РК ГА «БРСМ» Т. Жукоўскай членскія білеты і значкі маладзёжнай арганізацыі атрымалі 15 юнакоў і дзяўчат.

Музычны нумар у выкананні малодшай групы ансамбля беларускай песні «Звоны».

Свае музычныя падарункі прысутным падарылі Д. Сінкевіч, І. Паўлоўская, Т. Зайцава, а таксама прызёр шматлікіх творчых конкурсаў – ансамбль беларускай песні «Звоны».

Святлана ВАРОШКА

scroll to top