Ансамбль беларускай песні «Звоны» існуе на базе раённага Цэнтра дзяцей і моладзі амаль тры гады. У складзе калектыву дзве групы: малодшая і старэйшая. Удзельнікі разам са сваім кіраўніком Наталляй Бондар займаюцца вывучэннем, рэканструкцыяй і выкананнем беларускай народнай песні. Іх намаганнямі ў мінулым годзе быў паказаны архаічны беларускі абрад «Юр’я», у якім прымалі ўдзел і малодшыя, і старэйшыя навучэнцы. Менавіта за гэтую дзею ансамбль стаў лаўрэатам Міжнароднага конкурсу «Зялёная планета». У гэтым годзе калектыў рыхтуе да паказу яшчэ адзін старажытны беларускі абрад «Провады русалкі».
Апошнім часам «Звоны» не перастаюць здзіўляць майстэрствам і адмысловым стаўленнем да выканання народных твораў, прывозячы Дыпломы пераможцаў з розных прэстыжных конкурсаў і фестываляў. Так, восенню калектыў атрымаў Ганаровы прыз і Дыплом другой ступені на Міжнародным фестывалі-конкурсе «Творчасць без межаў» (Мінск, 2018), дзе прымалі ўдзел тысячы выканаўцаў з розных краін як блізкага, так і далёкага замежжа. Былі ўдзельнікі і члены журы з Італіі, Германіі, Карэі, Малдовы, Украіны, Расіі і інш. Калектыў быў запрошаны да ўдзелу ў гала-канцэрце гэтага фестывалю.
На Рэспубліканскім дзіцячым фестывалі-конкурсе выканаўцаў народнай музыкі «Жывая крыніца» ансамбль атрымаў Дыплом трэцяй ступені (Мінск, 2017) і прымаў удзел у гала-канцэрце ў Мінску. Пасля конкурсу размову з кіраўніком «Звонаў» меў кампазітар Віктар Войцік, а Дыплом быў падпісаны старшынёй журы — Народным артыстам Беларусі, прафесарам, старшынёй ГА «Беларускі саюз музычных дзеячаў» М. П. Дрынеўскім.
У Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе «Прывітанне, свет!» калектыў прымаў удзел ужо другі раз. У першы раз і ў гэтым годзе «Звоны» ўзнагароджаны Дыпломам першай ступені на абласным этапе (Віцебск, 2017 і Віцебск, 2019), але апошнім разам, прымаючы ўдзел у заключным гала-канцэрце, ансамбль атрымаў яшчэ і Дыплом трэцяй ступені на рэспубліканскім этапе.
У «Настаўніцкай газеце» ад 19.03.2019 года чытаем: «Не першы раз удзельнічаў у гала-канцэрце ансамбль беларускай песні «Звоны» Бешанковіцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі (кіраўнік Н. Бондар) — сёлета ён аказаўся на вышыні, яго акапэльны нумар атрымаўся шыкоўным». Трэба дадаць, што гэты конкурс заўсёды вылучаецца вельмі высокім узроўнем падрыхтоўкі дзяцей і моладзі, канечне, перш за ўсё удзельнікамі з гарадоў — Віцебска, Полацка, Наваполацка, Оршы.
У снежні ансамбль «Звоны» выступаў са сваімі нумарамі на Віцебскім абласным тэлебачанні.
Аддзел па адукацыі райвыканкама, са свайго боку, рупліва дапамагае калектыву больш упэўнена «стаяць на нагах». У гэтым годзе дзяўчаты атрымалі новы абутак і прыгожыя нацыянальныя касцюмы, якія былі заказаны для іх у Мінску.
У таленавітага педагога — таленавітыя дзеці. Цудоўны калектыў — цудоўныя справы. Вельмі хочацца пажадаць Наталлі Эдуардаўне і яе дзяўчатам ажыццяўлення самых запаветных жаданняў і паспяховага ўвасаблення ў жыццё ўсіх творчых задум, хай кожны дзень будзе напоўнены цікавымі падзеямі, радасцю і натхненнем.
Святлана ГАЙКО,
дырэктар ДУДА «Бешанковіцкі раённы Цэнтр дзяцей і моладзі»