Арганізатарамі мерапрыемства «Маці, тата і я – здаровая сям’я!» выступілі ФСК «Дзвіна», РК ГА «БРСМ» і Вярхоўскі сельвыканкам. Пяць маладых сем’яў – Шкялёнак, Афер, Сасіны, Некарыстнавы і Мачыха – спаборнічалі заўзята. Быў тут і эстафетны бег, і вядзенне футбольнага мяча, а яшчэ дартс, перацягванне каната, кідкі мяча ў баскетбольнае кальцо і іншыя спаборніцтвы. Арганізатары пастараліся! Але камандам усе заданні былі па сілах.
Упартая барацьба вызначыла, што самыя спартыўныя – Вера, Яўген, Кацярына і Уладзімір Сасіны, Вікторыя і Анатоль Мачыха з дзецьмі Ягорам і Ульянай, а таксама Наталля, Вадзім і Арсеній Афер. Ушаноўвалі пераможцаў тут жа, у спартыўнай зале, ва ўрачыстай абстаноўцы. Узнагароды (граматы і салодкія прызы ад РК ГА «БРСМ»), а таксама моманты гульні, захаваныя на фотаздымках, застануцца для аматараў здаровага ладу жыцця прыемным успамінам.
Марыя САНЬКО.