Close
Курс валют: $ 3.4007 | € 3.5895 | ₽100 3.3954 | 
 Погода в Бешенковичах: 1 °Cпасмурно

17 июля мы будем отмечать 95-летие образования Бешенковичского района

Бешанковіцкі раён мае багатую гісторыю і глыбокія культурныя традыцыі. Бягучы год для рэгіёна пазначаны юбілейнай датай – у ліпені мы будзем адзначаць 95-годдзе ўтварэння Бешанковіцкага раёна.

Пасля стварэння БССР у яе склад увайшла ўсходняя частка сучаснага Бешанковіцкага раёна, якая адносілася да Магілёўскай губерні. Але большая частка раёна да 1924 года ўваходзіла ў склад Віцебскай губерні, якая належыла РСФСР. У 1924 годзе, у выніку 1-га ўзбуйнення, Віцебшчына была перададзена ў склад БССР.

Як паведамляецца ў гісторыка-дакументальнай хроніцы Бешанковіцкага раёна «Памяць», 17 ліпеня 1924 года другая сесія ЦВК БССР прыняла пастанову «Аб адміністрацыйна-гаспадарчым дзяленні БССР», адпаведна якой былі ўтвораны Бешанковіцкі раён у складзе Віцебскай акругі і Ульскі раён у складзе Полацкай акругі.

Бешанковіцкі раён у той час падзяляўся на 13 сельсаветаў: Бешанковіцкі (некаторы час ён называўся Ленінскі), Бачэйкаўскі, Бікложскі, Вярхоўскі, Ганкавіцкі, Каўлякоўскі, Макаравіцкі, Навікоўскі, Пяцігарскі, Пажарышчанскі, Свячанскі, Стрэлішчанскі і Чаркаскі.
Ульскі раён у 1924 годзе таксама быў падзелены на 13 сельсаветаў: Баранькаўскі, Глыбачанскі, Гарбаціцкі, Зарэчанскі, Клетчанскі, Мішкавіцкі, Обальскі, Сокараўскі, Сушанскі, Ульскі, Усайскі, Усвейскі і Хоцінскі. Яшчэ два сельсаветы – Астровенскі і Пліскі – у той час адносіліся да Віцебскага раёна. Такім чынам, дата ўтварэння Бешанковіцкага раёна – 17 ліпеня 1924 года.

20 жніўня 1924 года ў памяшканні Бешанковіцкага валаснога Савета адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта, які разгледзеў пытанне аб стварэнні райвыканкама і афармленні сельсаветаў.

У 1930 годзе акругі былі скасаваны, а ў 1931-м адбыліся значныя перамены ў адміністрацыйным дзяленні БССР. ЦВК і СНК БССР прынялі пастанову аб ліквідацыі 23 раёнаў рэспублікі, сярод якіх быў і Ульскі раён. У лютым 1931 года да Бешанковіцкага раёна былі далучаны Астровенскі, Пліскі, Сініцкі сельсаветы, у жніўні таго ж года – Ульскі і Хоцінскі. Бачэйкаўскі сельсавет спачатку быў перададзены Чашніцкаму раёну, а праз 2 тыдні яго разам з Сокараўскім і Усвейскім сельсаветамі таксама далучылі да Бешанковіцкага раёна. Тэрыторыя Бешанковіччыны на той момант склала 140431 га, насельніцтва – 68508 чалавек. У студзені 1938 года была створана Віцебская вобласць, у склад якой з 20 лютага 1938 года ўвайшоў Бешанковіцкі раён.

Сёння Бешанковіцкі раён займае тэрыторыю плошчай 1250 кв. км. Па адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле мае 7 сельсаветаў: Астровенскі, Бачэйкаўскі, Бешанковіцкі, Верхнякрывінскі, Вярхоўскі, Соржыцкі, Ульскі, якія ўключаюць 239 сельскіх населеных пунктаў. Колькасць насельніцтва раёна на 1 студзеня 2019 года складае 15187 чалавек, з іх 6575 – жыхары г. п. Бешанковічы, 8612 – сельскае насельніцтва.

Анжэла ЛЮДЫНА.

scroll to top