Close
Курс валют: $ 3.5309 | € 3.7119 | ₽100 3.3167 | 
 Погода в Бешенковичах: 0 °Cоблачно с прояснениями

На одного Почётного донора в Бешенковичском районе стало больше

Штосекундна ва ўсім свеце ў людзей любога ўзросту і паходжання ўзнікае патрэба ў пераліванні крыві па жыццёвых паказчыках. Прыемна, што ў Бешанковіцкім раёне жывуць грамадзяне, што па загадзе сэрца прыходзяць у службу крыві і ажыццяўляюць данацыі, каб выратаваць чыё-небудзь жыццё. Бо менавіта тыя, хто здзяйсняе дабрачынныя ўчынкі бескарысліва, выконваючы свой чалавечы абавязак, і фарміруюць грамадзянскую супольнасць.

Напярэдадні Сусветнага дня донара крыві нам выпала прыемная місія разам з афтальмолагам УАЗ «Бешанковіцкая ЦРБ» Яўгеніяй Сяргееўнай Домкінай, якая паралельна адказвае за пытанні трансфузіялогіі, і медсястрой гэтай службы райбальніцы Кацярынай Міхайлаўнай Мароз адправіцца ў аграгарадок Астроўна, каб уручыць нагрудны знак Міністэрства аховы здароўя «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь» (гэта званне даецца тым, хто здаў не менш 40 данацый крыві) Ігару Кімавічу Шарко.

Гэта навіна для лесніка Астровенскага лясніцтва была нечаканай, але, безумоўна, прыемнай. Як прызнаўся Ігар Кімавіч, ён — донар з 30-гадовым стажам, да таго ж, можна сказаць, патомны. Яго бацька Кім Канстанцінавіч Шарко і маці Зінаіда Пятроўна Маскаленка сталі Ганаровымі донарамі СССР у 1981 годзе. Прыклад з іх узялі і дзеці: Ігар і яго сястра Ірына.
Ігар Кімавіч Шарко ўпершыню здаў кроў у 19 гадоў, калі праходзіў тэрміновую ваенную службу. Пасля дэмабілізацыі пайшоў працаваць на Віцебскі дывановы камбінат і ў той перыяд свайго жыцця акрамя крыві здаваў і плазму.

Жыць у шумным горадзе маладому хлопцу, які нарадзіўся і вырас на ўлонні прыгожага мястэчка Астроўна, не вельмі падабалася, і ён вярнуўся на малую радзіму, ажаніўся і працягвае займацца высакароднай справай донарства. У гэтым яго падтрымліваюць жонка Валянціна Мікалаеўна — настаўніца мясцовай школы, старэйшая дачка Кацярына — яна пайшла па слядах маці і выбрала настаўніцкую прафесію, а таксама малодшая дачушка Аляксандра, якая вучыцца ў Магілёўскім каледжы мастацтваў.

Другая станоўчая група крыві Ігара Кімавіча не раз дапамагала людзям выздаравець, а магчыма, і выратоўвала некага ад смерці. І ён ганарыцца гэтым і не можа зразумець, як можна адмовіць у дапамозе чалавеку, які мае ў ёй патрэбу, які пакутуе, хварэе.

«Як донарства адбіваецца на здароўі?» — цікаўлюся ў Ганаровага донара з Астроўна. Ляснік Шарко, які 21 год жыве ў яднанні з прыродай і менавіта ў зносінах з лесам чэрпае энергію, усміхаецца: «Нармальна, арганізм хутка нармалізуецца, наадварот, калі доўга не здаеш кроў, адчуваеш дыскамфорт, нейкую цяжкасць».

А на пытанне, што б ён хацеў пажадаць медыкам напярэдадні іх прафесійнага свята, Ігар Кімавіч адказаў проста: «Здароўя! І каб добра лячылі людзей!».

— Кроў донара — жыццёва важная каштоўнасць для рэцыпіента, — уключаецца ў размову Яўгенія Сяргееўна Домкіна. — Сусветны дзень донара — асаблівая дата, якая адзначаецца ў гонар бязвыплатных донараў крыві і прымеркавана да дня нараджэння Карла Ландштэйнера — аўстрыйскага ўрача і імунолага, Нобелеўскага лаўрэата, які адкрыў групы крыві ў чалавека.

Пераліванне крыві— неад’емны кампанент аказання неадкладнай медыцынскай дапамогі. Для фарміравання дастатковых запасаў донарскай крыві на выпадак надзвычайных сітуацый неабходны добра арганізаваныя службы крыві. Гэтая задача можа быць выканана толькі шляхам прыцягнення ўсяго насельніцтва і забеспячэння наяўнасці папуляцыі донараў, гатовых добраахвотна і на бязвыплатнай аснове здаваць кроў на працягу ўсяго года. Сёння мы кажам «дзякуй» усім, хто мае дачыненне да гэтай высакароднай справы.
Штоквартальна спецыялісты Віцебскай абласной станцыі пералівання крыві на базе УАЗ «Бешанковіцкая ЦРБ» арганізуюць забор крыві ў донараў, у тым ліку на бязвыплатнай аснове. Штогод колькасць данацый узрастае, калі ў 2017 годзе іх было 369 (удзельнічала 73 чалавекі), то у 2018-м колькасць узрасла да 378 (76 донараў).

Безумоўна, донарам можа стаць не кожны, пранесці гэту высакародную місію праз усё жыццё яшчэ цяжэй, але для ўсіх відавочна, што такія людзі заслугоўваюць асаблівай павагі і пашаны.

Анжэла ЛЮДЫНА.

scroll to top