Хоць і прынята ў вёсцы самай гарачай парой лічыць перыяд уборкі збожжавых, але і цяпер у аграрыяў работ хоць адбаўляй. Адна за другой змяняюцца паляводчыя кампаніі, на дадзеным этапе ў гаспадарках ідзе корманарыхтоўка.
ДП «ДраздыАгра», напрыклад, робіць стаўку на стварэнне запасаў грубых і сакавітых кармоў. Першым укосам тут плануецца нарыхтаваць 2647 тон кармавых адзінак травяністых кармоў, ці 17,7 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву. У цэлым жа для сытнай зімоўкі буйной рагатай жывёлы трэба забяспечыць на карову па 38,3 цэнтнера кармавых адзінак.
У гэтым годзе ў гаспадарцы плануюць нарыхтаваць 628 тон сена падчас уборкі 370 гектараў лугапашавых траў і 8376 тон сенажу з 704 гектараў са шматгадовымі травамі. Па стане на 14 чэрвеня, былі закладзены дзве траншэі: са 158 гектараў травяных палёў назапашана 163 тоны зялёнай масы.
Зараз травы самыя вітамінныя, утрымліваюць максімум пратэіну. На нарыхтоўцы сенажу ў гаспадарцы заняты маладзёжны мехатрад. На кормаўборачным камбайне «КВК-800» травы ўбірае Дзмітрый Паўлавіч Прапісноў. Нягледзячы на малады ўзрост, у яго ўжо багаты вопыт работы у сельгасвытворчасці. Да справы адносіцца добрасумленна, адказна. Тэхніку ведае выдатна, даглядае за даручаным агрэгатам так, што ў гарачыя дні пасяўной ці ўборачнай кампаніі паломкі ў яго здараюцца вельмі рэдка.
Адвозяць зялёную масу таксама маладыя механізатары: Віктар Вітальевіч Пятроўскі працуе на «МТЗ-3522» з прычэпам «ПІМ-60», Максім Міхайлавіч Саўчанка — на «МТЗ-3022» з прычэпам «Днепр». На рахунку першага 749 тон перавезенай з поля да траншэі зялёнай масы, другі запісаў на свой лік 690 тон.
Маладыя земляробы вучыліся ў Ульскім ліцэі, працуюць у ДП «ДраздыАгра» каля года, але сваёй працавітасцю ўжо заваявалі аўтарытэт. У гаспадарцы на такую руплівую і адказную моладзь не нарадуюцца. Вясной Максім быў заняты на культывацыі глебы, Віктар працаваў з сеялкай «АПП-6». Да таго ж абодва механізатары працягваюць сямейныя сельскагаспадарчыя дынастыі. Маці Максіма Саўчанкі — Вольга Фёдараўна Сухарава — да выхаду на заслужаны адпачынак працавала даяркай, а цяпер перайшла ў цялятніцы. У Віктара Пятроўскага матуля — Алена Віктараўна Яршова — працуе асемянатарам у філіяле «Бешанковіцкая племстанцыя» РУП «Віцебскае племпрадпрыемства».
Калі паназіраць за працай механізатараў ДП «ДраздыАгра», можна залюбавацца, як лёгка яны кіруюць тэхнікай! Зялёны канвеер дакладна адпрацаваны. Для агульнай справы стараецца кожны. Тут жа на полі кантроль за тэхналогіяй корманарыхтоўкі ажыццяўляе малады аграном Вольга Аляксандраўна Цыбуліч — дзяўчына праходзіць практыку ў гаспадарцы і набіраецца вопыту.
— Зараз у нас няма выхадных і адпачынкаў, бо ў полі нашай адзказнасці — сытная зімоўка жывёлы, — адзначае галоўны аграном ДП «ДраздыАгра» М. С. Гарбачова. — Калектыў у нас дружны. Моладзь, якая прыходзіць на змену старэйшаму пакаленню земляробаў, пераймае традыцыі і не падводзіць.
Безумоўна, усе намаганні механізатараў будуць накіраваны на тое, каб справіцца з уборкай кармоў у аптымальныя тэрміны. Сёлета ім і надвор’е спрыяе.
Анжэла ЛЮДЫНА.