Close
Курс валют: $ 3.415 | € 3.5911 | ₽100 3.3927 | 
 Погода в Бешенковичах: -2 °Cнебольшая облачность

В Бешенковичах после восьми лет строительства открылся костёл

29 чэрвеня ў Дзень святых апосталаў Пятра і Паўла (па календары каталіцкай канфесіі) у нас у райцэнтры – пасля васьмі гадоў будаўніцтва быў адчынены касцёл. Парафіяне Бешанковіцкай парафіі Святога Пятра і Паўла адсвяткавалі гэту радасную падзею са шматлікімі гасцямі з Віцебска, Улы, Паставаў, Лёзна, Камай, Ваўкалата і іншых парафій.

Парафія ў Бешанковічах была зарэгістравана 10 жніўня 2000 года, але яе гісторыя паходзіць з далёкага мінулага. Для яе ўтварэння і развіцця шмат зрабіў канцлер Леў Сапега, калі ў 1630 годзе Бешанковічы сталі яго ўласнасцю. У 1650-м годзе Казімір Леў Сапега пабудаваў тут каталіцкі касцёл, і ўжо тады колькасць парафіян складала 1300 чалавек.

У 1876 годзе на месцы старога драўлянага касцёла, пабудаванага ксяндзом Ляскоўскім на сродкі ксяндза Кярсноўскага, быў пабудаваны драўляны двухвежавы касцёл пад тытулам Святога Казіміра Каралевіча і Святога Арханёла Рафала. Шмат для касцёла ў Бешанковічах зрабіў ксёндз Цыбулевіч. Святыня мела чатыры алтары з абразамі Езуса Укрыжаванага, Найсвяцейшай панны Марыі і Святога Антонія, якія доўгі час утрымліваліся ў добрым стане. На жаль, з цягам часу ад святыні засталіся толькі падмурак і невялікія фрагменты сцен, а на іх месцы ўзведзены іншыя збудаванні.

Сама ўрачыстасць пачалася яшчэ перад зачыненымі дзвярыма касцёла, калі вернікі з нецярпеннем чакалі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча. Сустракалі шаноўнага госця хлебным караваем. Пасля віншавання біскуп атрымаў ключ ад касцёла, якім тройчы ўдарыў у дзверы святыні, пасля чаго ўрачыстая працэсія ўвайшла ў храм.

На самым пачатку святой Імшы біскуп асвяціў ваду, якой былі акроплены алтар, сцены і ўсе прысутныя. Перад намашчэннем алтара вернікі разам са святарамі, якіх сімвалічна прысутнічала дванаццаць, памаліліся да ўсіх святых. Пасля біскуп Віцебскі намасціў алтар святым алеем, а ксёндз Аляксандр Півавар – чатыры крыжы, якія змешчаны на сценах храма. Затым Іерарх акадзіў алтар і ўсю святыню. Потым былі запалены свечкі, пасля чаго алтар быў засланы белым абрусам і пачалася Эўхарыстыя.

Пасля заканчэння Імшы вернікі падзякавалі біскупу за асвячэнне святыні, а пробашчу ксяндзу Аляксандру Півавару – за паспяховае завяршэнне яе будаўніцтва. У сваю чаргу Іерарх выказаў падзяку ўсім тым, хто мае дачыненне да будаўніцтва касцёла ў Бешанковічах, а таксама ўсім святарам, якія ў гэты святочны дзень прысутнічалі на ўрачыстасці. Гэта ксёндз Казімір Гваздовіч з Літвы (ён быў першым пробашчам у Бешанковічах), ксёндз Павел Самсонаў з Данілавічаў, які таксама працаваў у гэтай парафіі, ксёндз Славамір Самковіч з Пагошчы (пры якім пачалося будаўніцтва новага касцёла), ксёндз Алег Півавар з Ваўкалата – брат ксяндза Аляксандра, ксёндз Мікалай Ліпскі з Чашніцкай парафіі, ксёндз Андрэй Аніскевіч, дырэктар віцебскага CARITAS, ксёндз Яцэк Хутман з Камай, роднай парафіі ксяндза Аляксандра Півавара, ксёндз Валерый Орсік з Віцебска, ксёндз Уладзімір Шымковіч, які зараз працуе ў Оршы і Дуброўне, ксёндз Андрэй Бульчак і ксёндз Эдуард Сінкевіч з Паставаў. Хочацца адзначыць, што ў свой час пробашчам парафіі ў Бешанковічах працаваў і сам Алег Буткевіч, цяперашні Віцебскі ардынарый.

– Новы касцёл – гэта не толькі новыя муры, гэта яшчэ і адраджэнне каталіцкіх традыцый на бешанковіцкай зямлі, – адзначыў біскуп Алег Буткевіч. – Нарэшце тут з’явілася месца, дзе людзі будуць знаходзіць свой духоўны прытулак. Не столькі важная рэч, дзе збірацца вернікам. Бог не патрабуе нейкага абмежаванага месца, бо ён не змесціцца ў гэтых сценах.

Храм у першую чаргу неабходны нам, каб ён стаў тым домам, дзе мы будзем адчуваць сябе патрэбнымі і каханымі, дзе мы зможам суцешыцца і падсілкавацца. І вось нарэшце цяпер у парафіян Бешанковіцкай парафіі ёсць месца, дзе вернікі будуць збірацца вакол аднаго алтара як адна вялікая сям’я дзяцей Божых. Вялікі дзякуй усім, хто пажадаў жыць з Богам. А калі Бог з намі, хто ж супраць нас…

Напрыканцы богаслужэння быў падпісаны дэкрэт аб асвячэнні святыні. Яго падпісалі біскуп Віцебскі, пробашч парафіі, а таксама ўсе святары, якія раней працавалі ў Бешанковічах і ў гэты дзень прысутнічалі на ўрачыстасці.

Алена МАРОЗАВА.

scroll to top