Close
Курс валют: $ 3.415 | € 3.5911 | ₽100 3.3927 | 
 Погода в Бешенковичах: -1 °Cнебольшая облачность

В Бешенковичах торжественно отметили 75-летие освобождения Беларуси

Святкаванне Дня Незалежнасці аб’яднала ўсіх, хто выйшаў 3 ліпеня на вуліцы Бешанковіч, каб разам адзначыць 75-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, парадавацца міру і дабрыні, светлым усмешкам знаёмых, сяброў.

Колькі іх ужо было,  такіх мітынгаў, але ўсё роўна зноў і зноў сціскалася сэрца і было не стрымаць слёз. Маршы аркестра, што ўзначальваў шэсце, надавалі ўзнёсласць, настройвалі на ўрачыстасць. У калоне крочылі кіраўніцтва раёна, ветэраны працы, прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзь.

Ганаровае месца – віноўнікам урачыстасці – ветэранам. Іх з пашанай правезлі на машынах. Па традыцыі найперш усклалі кветкі да помнікаў на цэнтральнай плошчы і ў парку Камсамольцаў. Памяць абаронцаў Радзімы ўшанавалі хвілінай маўчання ля брацкай магілы.

На Кургане Славы сташыня райсавета дэпутатаў Г. М. Шведаў правёў цырымонію адкрыцця капсулы, закладзенай у 1994 годзе. Права агучыць пасланне будучаму пакаленню было прадастаўлена Н. Я. Кучко, што была адной са сведкаў гэтай падзеі. Выслухалі запавет бацькоў і заклалі новую капсулу.

Старшыня раённага Савета ГА»БРПА» Ю. Курмель зачытала пасланне патомкам, запавет апошняга пакалення, якому пашчасціла бачыць, слухаць і асабіста размаўляць з ветэранамі. Капсулу адкрыюць на 100-ю гадавіну вызвалення – 26 чэрвеня 2044 года.

Урачыстасці прадоўжыліся ў цэнтральным парку ля гарадскога стадыёна. Тут на сцэне старшыня райсавета дэпутатаў Г. М. Шведаў уручыў Ганаровыя граматы і Падзяку старшыні аблвыканкама П. Д. Светлакову, І. М. Карпуку і С. А. Ніжнікавай за шматгадовую добрасумленную працу, актыўны ўдзел у ветэранскім руху, значны асабісты ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення.

Ганаровымі граматамі райвыканкама за высокія дасягненні і актыўны ўдзел у спартыўным жыцці раёна былі ўзнагароджаны юныя спартсмены – Данііл Квачоў і Валерыя Ерафеева.

 

Святочныя канцэрты, народныя гулянні… Збіралася на дождж, але нішто не магло перашкодзіць цудоўнаму настрою. Бешанковічы пелі, танчылі і смяяліся. Весялілі жыхароў не толькі мясцовыя артысты, але і смаленскія госці – ансамбль «Бабіна Лета».

У паветры лунаў водар беларускіх прысмакаў – майстры народнага клуба аматараў нацыянальнай кухні, фальклору і гульні «Бараболя» спакушалі народ сваімі самабытнымі вырабамі. Не было адбою ад пакупнікоў і ў Бешанковіцкага райпа.

Працавалі таксама выставы раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, ТЦСАН. Багата забаў было і для дзетак: атракцыёны, гульнявыя праграмы, конкурсы. Адны выказалі намер згуляць ў шашкі, другія пускалі мыльныя пузыры, скакалі на батуце, спрабавалі вырабіць на ганчарным коле збан…

Як жа такое свята ды без спорту? У сярэдзіне дня на стадыёне ішлі футбольныя баталіі. Удзел у іх прымалі каманды з Бачэйкава і Будзілава, Віцебска і, канечне, мясцовыя спартсмены. Напружанне і барацьба паміж імі, паверце, разыграліся не на жарты. Перамога была за газавікамі, другое і трэцяе месца заваявалі камунальнікі і віцебскія госці «Віртус». Лепшай стала жаночая валейбольная каманда «Бонсцікі», а ў пляжным валейболе самыя-самыя – спартсмены РАНС, Астроўна-1 і Бачэйкава. Знайшліся і жадаючыя выпрабаваць сябе ў спаборніцтвах з гірай. Але перамагчы Юрыя Цапоту, Віктара Казака і Аляксандра Лапіна нікому з канкурэнтаў не ўдалося. Лепшымі гульцамі ў дартс аказаліся Дзмітрый Бяляеў, Аляксандр Шыпуля і Мікіта Петухоў. Пераможцамі шахматных баталій сталі І. Д. Баўтовіч, П. Я. Галыня і Ю. М. Міронаў.

А дзявятай гадзіне вечара гарадскі парк зноў сабраў гледачоў. На сцэне – святочны канцэрт. Пераважная большасць прысутных – маладыя. Не дзіва, бо каму ж, як не ім, ствараць будучыню? За некалькі хвілін да святочнага салюту гледачы з артыстамі далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Спяваем гімн разам!». Нацыянальны гімн нашай краіны дзясяткі галасоў спявалі ва ўнісон, і адразу ў гонар галоўнага свята мірнае неба над Бешанковічамі расфарбаваў салют. Беларусы апладзіравалі святочным залпам, якія сталі фінальным акордам вялікага дня, калі ўсе яшчэ раз узгадалі, як важна, што мы разам.

Марыя САНЬКО.

scroll to top