Close
Курс валют: $ 3.415 | € 3.5911 | ₽100 3.3927 | 
 Погода в Бешенковичах: -2 °Cпеременная облачность

Бешенковичские представители первичных ветеранских организаций посетили Ушаччину

Колькі ў нашай краіне прывабных мястэчак, дзіўных замкаў, велічных храмаў, манастыроў, музеяў і этнаграфічных вёсак, помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны… І як прыемна адправіцца ў падарожжа, каб дакрануцца да ўсяго гэтага. Так і зрабілі старшыні і актывісты пярвічных ветэранскіх арганізацый прадпрыемстваў і ўстаноў Бешанковіччыны, а таксама іх блізкія, калі з’ездзілі на экскурсію ва Ушацкі раён.

Цеснае знаёмства з гэтым прыгожым краем пачалося з наведвання сядзібы-музея «Бычкі», якая створана на радзіме народнага пісьменніка Беларусі Васіля Уладзіміравіча Быкава. На тэрыторыі сядзібы — дом, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка, хлеў, гумно. З цікавасцю госці з Бешанковіччыны знаёміліся з этнаграфічна-бытавой экспазіцыяй, дзе прадстаўлены прадметы хатняга ўжытку сям’і Быкава, а таксама яго фатаграфіі і лісты з фронту. Шмат цікавых падрабязнасцяў з біяграфіі Быкава нікога не аставілі абыякавымі.
Затым удзельнікі экскурсіі адправіліся ў вёску Паперына, дзе больш за сорак год таму ў памяць аб подзвігу партызан быў узведзены мемарыяльны комплекс «Прарыў».

Аповед пра гераічнае мінулае нашых суседзяў экскурсавод пачала ля жалезабетоннага подыума, дзе ўстаноўлена бронзавая пліта з такімі словамі: «Іх было 17 185 супраць 60 тысяч. Мужнасць народа перамагла. Смерць стала неўміручасцю». Затым крок за крокам усе рухаліся менавіта тым маршрутам, якім партызаны прабіваліся скрозь кальцо блакады. 25 дзён народныя мсціўцы Полацка-Лепельскай зоны стрымлівалі націск сіл праціўніка. Цаной нечалавечых намаганняў 4 мая партызаны прарвалі вогненнае кальцо і выратавалі ад гібелі 15 тысяч мірных жыхароў. Больш за 7 тысяч удзельнікаў прарыву засталіся ляжаць у гэтай зямлі навечна.

Несумненна, уразіў усіх сяміметровы бронзавы партызан. Ён нібыта разбівае велізарную бетонную сцяну, якая сімвалізуе сабой кальцо блакады.
Ветэраны ўсклалі вянок да Брацкай магілы, дзе пахавана больш за 450 партызан, воінаў Савецкай Арміі і мірных жыхароў, якія загінулі пры прарыве. Адчувалі ўзрушанасць госці Ушаччыны, калі ішлі па парку, дзе растуць 16 дубоў, якія сімвалізуюць стойкасць 16 партызанскіх брыгад. А ў «Партызанскай вёсцы» можна было пазнаёміцца з побытам партызан, пабываць у партызанскіх зямлянках, дакрануцца да атрыбутаў ваеннага часу.

Алена МАРОЗАВА.

scroll to top