Мінулыя выхадныя выдаліся насычанымі для юных аматараў спорту, што прынялі ўдзел у спаборніцтве на стадыёне спартыўнага комплексу «Энергетык»
у Новалукомлі.
Адкрыты раённы турнір па міні-футболе сярод юнакоў 2005–2006 гадоў нараджэння «Залатая восень» меў статус міжнароднага і аб’яднаў 12 каманд з Беларусі, Расіі, Латвіі, Украіны. За перамогу змагаліся і нашы землякі – футбалісты ФСК «Дзвіна».
Бешанковіцкія спартсмены сустрэліся з прадстаўнікамі Міргарада, Новалукомля, Крупак, Дубровенскага і Лёзненскага раёнаў. Змагаліся землякі ўпарта, але ў сваёй групе сталі чацвёртымі і выйшлі на сёмае месца ў турнірнай табліцы. Трэба сказаць, што пераможцам спаборніцтва – лёзненцам – юнакі саступілі з лікам 4:2. За ўсю гульню чэмпіёны не прапусцілі ніводнага мяча, акрамя гэтых двух у матчы з нашымі (дарэчы, яны на рахунку Арцёма Чумакова).
– Іншым камандам пашанцавала больш, нам жа – крышачку не хапіла ўдачы, – расказвае трэнер Аруцюн Татулавіч Манукян. – Дзесьці самі вінаватыя былі – крыху недаацанілі саперніка, але ў цэлым хлопцы выступілі дастойна і свае памылкі ўжо прааналізавалі.Нягледзячы на крыўдныя паражэнні, юныя футбалісты вярталіся дадому ўсё ж не без задавальнення: турнір, безумоўна, згуртаваў іх, барацьба была сумленная, шчырая, адпачынак – самы лепшы, бо актыўны і ў асяроддзі такіх жа прыхільнікаў спорту, што, як і сяброўства, таксама можа быць без межаў і адлегласцяў.
Марыя САНЬКО.