Як патлумачыў інжынер 2-й катэгорыі філіяла УП «Белтэхагляд» С. Л. Валадзько, на падставе Указа з пераліку дакументаў, якія абавязаны прадаставіць грамадзянін пры праходжанні тэхагляду аўто, выключана медыцынская даведка вадзіцеля аб стане здароўя. Таксама не трэба прадастаўляць дазвол органа сувязі на права выкарыстання радыёчастотнага спектра пры эксплуатацыі радыёэлектронных сродкаў, калі яны ёсць у аўтамабілі.
А для транспартных сродкаў, прызначаных для перавозкі небяспечных грузаў, скасаваны спецыяльны скарочаны тэрмін дзеяння дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху ў 6 месяцаў. Цяпер тэрмін дзеяння дазволу вызначаецца ў агульным парадку (1 ці 2 гады).
Акрамя таго, вадзіцелю зараз не трэба мець пры сабе сертыфікат аб праходжанні дзяржтэхагляду і перадаваць яго супрацоўнікам ДАІ для праверкі. А вось дазвол на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху стала абавязковым дакументам. Таксама Указам №492 адмяняецца неабходнасць афармлення талона да вадзіцельскага пасведчання.