У маі бягучага года наша краіна адзначыць 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Вайна для беларускага народа — гэта вечны боль, памяць пра мінулае, пра найвялікшыя чалавечыя ахвяры і матэрыяльныя страты. Гэта была самая страшная і крывавая вайна з усіх, якія калі-небудзь вогненным валам пракатваліся па нашай зямлі. Менавіта таму Перамога яркай нязгаснай зоркай зіхаціць на небасхіле айчыннай гісторыі. Нішто не можа засланіць яе — ні гады, ні падзеі…
У аўторак у рамках правядзення калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама адбыўся ўрачысты мітынг на вайсковым пахаванні ў в. Шапуры Віцебскага раёна. Гэта самая масавая брацкая магіла краіны, у ёй спачываюць рэшткі больш за 17 тысяч савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў гады вайны. Сярод іх — 84 ураджэнцы Арменіі. Каб ушанаваць іх памяць, на мемарыяле сабраліся шматлікія госці: прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, сродкаў масавай інфармацыі, школьнікі, кадэты. Удзел у мітынгу таксама прыняў пасол Арменіі ў Беларусі А. В. Геван-дзян. Армэн Вачыкавіч выказаў словы ўдзячнасці кіраўніцтву вобласці і раёна, мясцовым жыхарам за трапяткое стаўленне да памяці загінуўшых воінаў, адзначыўшы, што Вялікая Перамога ніколі не дзялілася на сваю і чужую. Яна складаецца з намаганняў усіх сыноў і дачок на той момант адзінай вялікай Радзімы.
Мы павінны ведаць і памятаць імёны ўсіх герояў. Пра гэта казаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў У. У. Цярэнцьеў. У вобласці актыўна вядзецца работа па ўвекавечанні памяці загінуўшых у гады вайны абаронцаў Айчыны, не спыняюцца палявыя пошукавыя работы. «Мы працягваем адкрываць новыя прозвішчы, каб нават праз 75 гадоў родныя маглі даведацца, дзе пахаваны іх бабулі, дзядулі», — заявіў Уладзімір Уладзіміравіч і дадаў, што адной з прыярытэтных задач улады з’яўляецца таксама прывядзенне ў годны стан усіх вайсковых пахаванняў, размешчаных на тэрыторыі вобласці.
Пасля мітынгу ў Віцебскай абласной бібліятэцы прайшла прэзентацыя кнігі «Воіны-армяне ў баях за Беларусь (1941-1944 гг.)». Мемарыяльнае выданне змяшчае дадзеныя пра 6,5 тысячы воінаў-армян, якія загінулі і прапалі без вестак у Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Кніга стваралася амаль 7 гадоў, яна, як сцвярджаюць аўтары, адзіная ў сваім родзе на постсавецкай прасторы.
Бясспрэчна, нас усіх (у прыватнасці беларусаў і армян) аб’ядноўвае агульнае мінулае, і мы павінны быць годнымі подзвігу, здзейсненаму нашымі бацькамі, дзядамі і прадзедамі ў ваенныя гады. Мы не маем права забываць пра тое, якой цаной дасталася нашым продкам Вялікая Перамога, і пра тое, што яны заваявалі яе, змагаючыся плячо ў плячо, каб мы і нашы дзеці жылі ў міры.