Вечары сустрэчы выпускнікоў — цудоўная нагода зноў убачыць школьных сяброў. Праходзяць яны па традыцыі ў першую суботу лютага ва ўсіх установах адукацыі.
Гасцінна расчыніла дзверы перад вучнямі мінулых гадоў і СШ №1 райцэнтра. Актыўная падрыхтоўка да гэтага доўгачаканага мерапрыемства пачалася загадзя — бурлілі сацыяльныя сеткі, арганізоўваліся пошукі аднакласнікаў. Вядома, многія раз’ехаліся па розных гарадах і нават краінах. Але менавіта ў гэты дзень усе імкнуцца прыехаць на малую радзіму, дзе прайшлі дзяцінства, юнацтва…
І вось усе ў зборы. Выпускнікі з задавальненнем прайшлі па калідорах роднай школы, пабывалі ў сваіх класах, пасядзелі за сваімі партамі, пагутарылі з настаўнікамі, а таксама паглядзелі святочны канцэрт, падчас якога асаблівы акцэнт быў зроблены на выпускніках-юбілярах, якія адзначаюць круглыя даты заканчэння школы. У цэлым сустрэча прайшла на цёплай, сяброўскай ноце.
Не паспеем азірнуцца — люты наступнага года зноў пакліча за парты выпускнікоў. Але каб зноў вярнуцца ў дзяцінства, не абавязкова чакаць цэлы год. Аб гэтым не стамляюцца паўтараць настаўнікі. Усе яны памятаюць сваіх былых вучняў і заўсёды чакаюць іх у госці.
Святлана ВАРОШКА.