Вярхоўская сельская бібліятэка па выніках работы за 2019 год узнагароджана абласной прэміяй за высокія творчыя дасягненні
ў галіне культуры і мастацтва ў намінацыі «Лепшая сельская бібліятэка». Галіну Мікалаеўну Курмель – бібліятэкара ўстановы (на здымку) – на сустрэчы работнікаў культуры Віцебскай вобласці, якая прайшла ў Лепелі, павіншаваў намеснік старшыні аблвыканкама У. П. Пенін.
Абслугоўвае бібліятэка 7 населеных пунктаў, колькасць яе чытачоў – 361. У мінулым годзе ўстанову культуры наведалі 4922 разы, кнігавыдача склала 8040 экземпляраў. Кніжны фонд сельскай бібліятэкі налічвае 6046 кніг і перыядычных выданняў. Колькасць новых паступленняў за 2019 год склала 314 адзінак.
На працягу мінулага года ў вярхоўскім «доме кнігі» прайшло 88 масавых мерапрыемстваў, аформлена 12 бібліятэчных выстаў. Г. М. Курмель не адзін дзясятак разоў наведала пажылых людзей і інвалідаў, выканала 180 заявак на дастаўку кніг і перыядычных выданняў на дом.
Пачынаючы з 2015 года сельская бібліятэка працуе па праграме «Край наш найдзівосны», мэтай якой з’яўляецца выхаванне патрыятызму, любові да роднай зямлі, папулярызацыя беларускай мовы і літаратуры, вывучэнне традыцый і звычаяў рэгіёна. Рэалізуецца ўсяго пяць раздзелаў: «Адкуль наш род?», «Этнаграфія», «Фальклорны вянок: традыцыі, святы, абрады», «Культура» і «Прырода роднага краю». У рамках праграмы ў мінулым годзе ў бібліятэцы прайшлі музычна-тэатралізаванае свята «Зямля з блакітнымі вачыма», свята «Беларускі каляндар у гліняным гаршчочку», фальклорна-спартыўнае свята «На санках катаемся, блінамі аб’ядаемся!», фестываль «Танцы беларускія», а таксама «Велікодныя сустрэчы ў Лявона з Лявоніхай» і іншыя.
У бібліятэцы працуе «Тэатр кнігі Васі Вясёлкіна», які быў створаны ў 2014 годзе для прыцягнення ўвагі дзяцей да літаратуры, тэатральнага мастацтва. Яго дэвіз – «Сэрца нашага тэатра – дзеці, а душа – кнігі». Галіна Мікалаеўна з’яўляецца адначасова кіраўніком, рэжысёрам, сцэнарыстам, пастаноўшчыкам і артыстам аб’яднання. У 2019 годзе бібліятэка атрымала запрашэнне прыняць удзел у першым абласным фестывалі бібліятэчных тэатраў кнігі і лялек «Чароўная рампа». Дадому артысты вярнуліся з Гран-пры.
Для паляпшэння якасці абслугоўвання насельніцтва ўстанова культуры аказвае 9 відаў платных паслуг. За 2019 год план выкананы на 487 рублёў пры заданні 475 рублёў.
Сёння бібліятэка з’яўляецца адным з самых значных аб’ектаў сацыяльнай сферы Вярхоўскага сельсавета, гэта самабытны краязнаўчы цэнтр вёскі, цэнтр ведаў пра родную зямлю і яе людзей.
Алена МАРОЗАВА.