4 мая адбылося чарговае пасяджэнне раённага штаба па прадухіленні завозу і распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, узначальвае які старшыня райвыканкама
Г. У. Унуковіч. Удзельнікі штаба абмеркавалі меры па прафілактыцы вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку выкліканых COVID-19, якія прымаюцца ў рэгіёне ў цяперашні час.
Як паведаміў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама А. І. Ерашоў, з пачатку гэтага тыдня назіраўся рост наведвальнасці школ. 4 мая за парты селі 637 вучняў, або 46,8% ад агульнай колькасці школьнікаў. У дзіцячых жа садках гэты паказчык значна ніжэй — 29% (153 выхаванцы).
— У кожнай установе адукацыі прымаюцца ўсе неабходныя меры для таго, каб знаходжанне ў іх дзяцей было бяспечным, — запэўніў Аляксандр Іванавіч. — Сродкі дэзынфекцыі, а таксама індывідуальнай абароны ёсць у дастатковай колькасці.
Цалкам забяспечана такімі сродкамі і аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян і інвалідаў ТЦСАН. Усім вядома, што менавіта пажылыя людзі найбольш схільныя да заражэння каранавіруснай інфекцыяй. Шмат у каго з-за ўзросту ёсць хранічныя захворванні, а яны могуць ўзмацняць цячэнне хваробы. У цэлым асноўную ролю ў клопаце аб пажылых грамадзянах раёна ўзяў на сябе Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва. Па словах яго дырэктара А. С. Мацэвіча, у цэнтры створана і працуе «гарачая лінія», прымаюцца заяўкі на дастаўку прадуктаў харчавання і лекавых сродкаў. Але галоўнае, чым могуць дапамагчы сабе пенсіянеры, — гэта заставацца дома, усім рэкамендуецца самаізалявацца.
А вось для хворых каранавірусам і так званых «кантактных» асоб самаізаляцыя з’яўляецца абавязковай. Паводле інфармацыі РАУС, па стане на 4 мая, у раёне на «каранціне» знаходзіліся 69 чалавек. Выпадкаў парушэння імі артыкула 23.4 КоАП Рэспублікі Беларусь не зафіксавана.
Паводле інфармацыі галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы С. А. Рошчынай, ва ўстанове аховы здароўя створаны ўсе неабходныя ўмовы для шпіталізацыі хворых з каранавіруснай інфекцыяй і пнеўманіяй. Для лячэння такіх пацыентаў маецца 72 ложкі (максімальная колькасць грамадзян, якія знаходзіліся на лячэнні ў стацыянары, дасягала 67 чалавек). Пры неабходнасці ў самыя кароткія тэрміны могуць быць перапрафіляваны яшчэ 20 ложкаў у дзённым стацыянары. Штодня праводзіцца дэзынфекцыя паліклінікі, месцаў агульнага карыстання, ліфта, рэнтгенкабінета і г. д. Маецца тыднёвы запас сродкаў індывідуальнай абароны, пяцідзённы — дэзсродкаў.
Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Л. А. Хадзянок далажыла пра наяўнасць сродкаў індывідуальнай абароны ў аптэках. Запас масак на пачатак тыдня складаў каля 7700 штук, пальчатак – больш за 1000. Маюцца ў аптэках і сродкі дэзынфекцыі. Штодзённаму маніторынгу падвяргаюцца гандлёвыя аб’екты. Кантралюецца як асартыментны пералік тавараў, так і выкананне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў.
– У крамах, якія мы паспелі наведаць, ёсць крупы, лімоны, часнок (менавіта гэтыя прадукты карыстаюцца ў апошні час асаблівай папулярнасцю сярод насельніцтва), – адзначыла Людміла Анатольеўна. – Паўсюдна ўстаноўлены ёмістасці з антысептыкамі. Штодзённа ў гандлёвых аб’ектах праціраюцца практычна ўсе паверхні. Асаблівая ўвага надаецца дзвярным ручкам, таварным кошыкам, да якіх часта датыкаюцца наведвальнікі.
Актыўна вядуць барацьбу з COVID-19 і прафсаюзы. Паводле інфармацыі старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў С. В. Бабаед, на дадзены момант на закупку дэзсродкаў для арганізацый раёна накіравана больш за 2000 рублёў.
– Любыя змяненні сітуацыі з каранавірусам знаходзяцца ў раёне пад кругласутачным кантролем, – падвяла вынікі пасяджэння штаба кіраўнік раёна Г. У. Унуковіч. – Але нягледзячы на тое, што яна застаецца стабільнай, нельга забываць пра меры бяспекі. Зацікаўленым службам трэба больш якасна выконваць санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні, а жыхарам раёна – быць як мага больш пільнымі ў адносінах да свайго здароўя.
Па стане на 7 мая, у раёне каранавірус пацверджаны ў 59 жыхароў, з іх 4 чалавекі памерлі. Пацыентаў, якія знаходзяцца на лячэнні ў стацыянары з дыягназам «пнеўманія», – 48, з іх 10 чалавек са станоўчым тэстам на каранавірус. Паправіліся 17 чалавек.
Актуальную інфармацыю пра эпідэмічную сітуацыю ў раёне можна знайсці на сайце райвыканкама ў раздзеле «Прафілактыка COVID-19».
Святлана ВАРОШКА.