Close
Курс валют: $ 3.415 | € 3.5911 | ₽100 3.3927 | 
 Погода в Бешенковичах: -3 °Cнебольшая облачность

В Бешенковичском районе ни один ветеран войны не остался без внимания

    Заўтра ўся краіна адзначыць 75-годдзе Вялікай Перамогі. Напярэдадні прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Бешанковіччыны павіншавалі дома ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і ўручылі ім падарункі і юбілейныя медалі.

    Словы ўдзячнасці за Перамогу, мірнае неба над галавой былі адрасаваныя і Лідзіі Рыгораўне Макейчык. У гады вайны Лідзія Рыгораўна вызначылася на ваенным суднабудаўнічым заводзе №119 г. Камсамольск-на-Амуры, мае медаль «За самаадданую працу i бездакорную воiнскую службу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

    Мы заўсёды глядзім на ветэранаў з гонарам і захапленнем, ловім кожнае іх слова, бо так хочацца даведацца пра Перамогу з першых вуснаў, ад тых, хто цаной свайго жыцця, неймавернай сілай духу заваёўваў мір на зямлі. Падарункі, кветкі і юбілейны медаль — гэта ўсяго толькі малая частка праяўлення нашай увагі і клопату ў дачыненні да герояў.

   УБешанковіцкім раёне медалямі «75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў» удастоены 13 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэтым заслужаным людзям прымаць узнагароды не ўпершыню, аднак яны ўсё роўна хвалююцца. У кожнага свая жыццёвая гісторыя, свой няпросты шлях па вайне…

   Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Канстанціну Карпавічу Вялічку чарговую, але не менш каштоўную, узнагароду ўручыла кіраўнік раёна Галіна Уладзіміраўна Унуковіч. Разам з ёй у госці да ўдзельніка вайны прыехалі ваенны камісар Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў А. М. Савіч, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі А. В. Крачкоўскі і старшыня РА РГА «Белая Русь» А. У. Буйлоў. Канстанцін Карпавіч і яго жонка Марыя Емяльянаўна ўзрадаваліся прыезду паважаных гасцей. Галіна Уладзіміраўна душэўна паразмаўляла з гаспадарамі  пра жыццё, пацікавілася іх здароўем. Ветэран расказаў пра цяжкія ваенныя гады, што засталіся ў далёкім мінулым, пра тое, як аднаўлялі родную зямлю з руін… І зараз для яго, ды і для ўсіх удзельнікаў вайны, галоўная ўзнагарода — мір на зямлі.

    — Дзень Перамогі — святое для нашага народа свята, якое аб’ядноўвае людзей усіх узростаў, — не магла не падзяліцца сваімі адносінамі да гэтай слаўнай падзеі Г. У. Унуковіч. — Мы схіляем галовы перад мужнасцю ветэранаў. Мы павінны беражліва захоўваць кожную кропельку праўды пра вайну, свята шанаваць памяць продкаў і, вядома ж, клапаціцца пра ветэранаў. Я адчуваю асаблівае пачуццё радасці і гонару ад таго, што яны застаюцца ў страі, актыўна ўдзельнічаюць у патрыятычным выхаванні моладзі. І за гэта ім велізарная падзяка.

    Юбілейныя медалі ў гэтыя дні ўпрыгожылі парадныя мундзіры ўсіх нашых дарагіх ветэранаў — Дзмітрыя Нічыпаравіча Агейчанкі, Сяргея Несцеравіча Карася, Міхаіла Ігнатавіча Бабаеда, Ганны Пятроўны Скромнай, Фёдара Трафімавіча Умецкага, Лідзіі Рыгораўны Макейчык, Анатоля Анісімавіча Шыёнка, Мікалая Іванавіча Лявошкі, Паўла Фёдаравіча Гнеўкі, Івана Іосіфавіча Захарчанкі, Гені Нісанаўны Умецкай, блакадніцы Ефрасінні Спірыдонаўны Станіслаўчык.

Святлана ВАРОШКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

0 Comments
scroll to top