Мы не забываем і ніколі не забудзем тых, хто рызыкаваў сваім жыццём за мірнае неба, за нашу свабоду. Для гэтых бясстрашных людзей словы «патрыятызм», «доблесць», «гонар», «самаахвяраванне», «грамадзянскі абавязак» мелі і маюць глыбокі сэнс. Яны змагаліся за Радзіму… І перамаглі!
Сярод мужных сыноў сваёй Радзімы наш зямляк – Міхаіл Ігнатавіч Бабаед. Яго гераізм і прыгожая біяграфія, за якую ветэрану і яго нашчадкам ніколі не будзе сорамна, навечна застануцца ў нашай памяці. Гэта ўнікальны чалавек, і сёння ў свае 98 гадоў захоўвае бадзёрасць духу. Міхаіл Ігнатавіч, як сапраўдны гаспадар сваёй зямлі, у гэтым годзе сам высадзіў цэлую плантацыю бульбы, якая, дарэчы, цвіце так, што вока не адарваць.
– Мая ваенная біяграфія пачалася з вызвалення Бешанковіч. У 41-м перад вайной я зламаў нагу, таму на фронт мяне не ўзялі. А пасля вызвалення райцэнтра ў штабе 235-й стралковай дывізіі мне задалі толькі адно пытанне: «Аўтамат трымаць зможаш?» Я змог. І адправіўся вызваляць Лепель, Полацкі раён, Рыгу, Кёнігсберг. Быў удастоены медаля «За баявыя заслугі», ордэнаў Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны І ступені. І сёння, жывучы ў мірнай і квітнеючай краіне, я хачу, каб тыя страшэнныя часы ніколі не паўтарыліся.
Аповеды пра вайну, асабістае жыццё і працу М. І. Бабаеда можна слухаць гадзінамі. Напрыклад, толькі яго працоўны стаж налічвае 52 гады, 40 з якіх прысвяціў адукацыі, астатнія – лясной гаспадарцы. За сваю актыўную і плённую дзейнасць Міхаіл Ігнатавіч узнагароджаны шматлікімі граматамі. Не забываюць і вельмі ганарацца родным чалавекам дзеці, унукі і праўнукі. Клапоціцца пра ветэрана і дзяржава.
– Дарагія суайчыннікі! – звярнуўся М. І. Бабаед. – Віншую вас з 76-й гадавінай вызвалення нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, жадаю вам міру і дабра, захоўвайце памяць пра герояў, не забывайце іх подзвігі…
Кацярына ПЕТУХОВА