Close
Курс валют: $ 3.415 | € 3.5911 | ₽100 3.3927 | 
 Погода в Бешенковичах: -0 °Cнебольшая облачность

Г. В. Унукович: «Забудем про «чужие» руки — здесь живём мы!»

Вясной зямля ўпрыгожылася зелянінай i вясёлкай колераў. Май, квецень, доўгачаканая чэрвеньская цеплыня… Чалавек ад гэтай красы абуджаецца, весялей глядзіць у заўтрашні дзень. А рукі прагнуць працы. Пара наводзіць парадак на падворках, у населеных пунктах!

  На Бешанковіччыне сёлетняй вясной прайшлі ўжо два суботнікі па добраўпарадкаванні – раённы i рэспубліканскі. Працаўнікі прадпрыемстваў, устаноў i арганізацый ачысцілі ад зімовага бруду замацаваныя за імі тэрыторыі. А вось прыватны сектар з гэтай важнай справай спазняецца.
  У народзе справядліва кажуць, што гаспадара пазнаеш па яго гаспадарцы. Якія мы гаспадары? Няхай кожны з нас адкажа на гэтае пытанне сам. Але спачатку азірніцеся вакол, паглядзіце ўважліва на свой дом, сваю сядзібу, вуліцу, населены пункт у цэлым. Думаецца, тое, што вы ўбачыце, задаволіць не ўcix. Толькі гаспадарскі позірк адразу заўважыць смецце на вуліцы, дварах, уздоўж праезнай часткі, няскошаную траву, паламаныя агароджы.
  Самае прыкрае, што з такой непрывабнай карцінай змірыліся i зжыліся многія прыдзвінцы. Хаця для таго, каб навесці элементарны парадак, вялікіх укладанняў не трэба. Часта дастаткова прыбраць вуліцу, двор, пад’езд, падрамантаваць і пафарбаваць лавачку, пасадзіць дрэва, разбіць кветнік.
Бясспрэчна, прыклад у гэтай важнай справе павінны паказваць камунальнікі. Аднак многае можна i трэба зрабіць калектывам прадпрыемстваў, устаноў i арганізацый, сельсаветам, старэйшынам населеных пунктаў, гаспадарам прыватных падворкаў.
  Навесці чысціню не толькі на ўласнай тэрыторыі, але i на прылягаючых участках. Каб не валялася пад нагамі смецце, не расло пустазелле, каб былі дагледжанымі зялёныя насаджэнні, а будынкі мелі прывабны выгляд. Пакуль жа шмат дзе ля дамоў (а то i ля праезнай часткі) звальваюцца дровы, пясок, будаўнічыя матэрыялы, смецце выкідваецца на дарогу, памыі выліваюцца пад колы машын, аўтатранспарт паркуецца на газонах i дзіцячых пляцоўках, аб’явамі завешаны дрэвы, слупы, агароджы на скрыжаваннях i ўздоуж тратуараў…
  Чысціня, утульнасць, парадак – гэтыя словы, на жаль, людзі часцей за ўсё звязваюць са сваёй кватэрай, сваім домам, абмяжоўваюць паняцце чатырма сценамі. А тое, што робіцца звонку, не заўсёды хвалюе нават, здавалася б, руплівых гаспадароў. Галоўнае, каб у пакоях было чыста, а на вуліцы – справа іншых? Толькі дзе ж ўзяць тыя «чужыя» рукі, якія б прыбралі за сотнямі, тысячамі людзей?!
   Так быць не павінна. Калі кожны жыхар раёна ўнясе свой невялікі ўклад у агульную справу, будзе наводзіць парадак не эпізадычна, а пастаянна, падтрымліваць яго, упэўнена, наша Бешанковіччына заззяе новымі фарбамі, а жыхарам раёна не будзе сорамна ні перад нашчадкамі, ні перад гасцямі за сваю вёску, свой пасёлак. Забудзем пра «чужыя» рукі – тут жывём мы!
Галіна УНУКОВІЧ,
старшыня раённага
выканаўчага камітэта.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

0 Comments
scroll to top