5 чэрвеня з нагоды Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя, а таксама ў сувязі з правядзеннем VI Міжнароднага Воднага Форуму «Крыніцы Беларусі» бешанковіцкія эколагі і іх памочнікі арганізавалі акцыю па добраўпарадкаванні лясной крынічкі, што знаходзіцца паблізу населенага пункта Ніжняе Крывіна.
Пра гэту крыніцу, крыштальныя воды якой жывяць рэчку Крывінку, жыхары гарпасёлка і бліжэйшых вёсак ведаюць даўно. Ды што там бліжэйшых… Мясцовыя расказваюць, што сюды па ваду прыязджаюць нават з абласнога цэнтра. Настолькі яна і на смак, і па якасці выдатная. Нярэдка тут можна ўбачыць чэргі з жадаючых набраць жывой вадзіцы. Але, будучы не асабліва прыкметным, у свой час ручаёк мог схавацца ад вачэй людскіх у густых зарасніках хмызняку. Калі б не работнікі Бешанковіцкага лясгаса, якія падтрымлівалі парадак каля крыніцы на працягу доўгага часу. А некалькі гадоў таму іх ініцыятыва набыла больш шырокі маштаб: да добраўпарадкавання крыніцы падключыліся прадстаўнікі ўлады і раённых службаў.
Каб падыход да крыніцы быў больш зручным, тут абсталявалі драўляныя прыступкі з парэнчамі (канструкцыя гэта больш бяспечная, чым ранейшыя пянькі, што спускаліся па стромкім беразе), каля самага ручая паклалі бетонную пліту, што дазволіла без асаблівых праблем падстаўляць пад струмені вады ёмістасці, побач адвялі зручную пляцоўку для аўтамабіляў, а дарогу, якая вядзе сюды з трасы, не раз падсыпалі і грэйдавалі. Зараз задача «сяброў» крыніцы – пастаянна падтрымліваць тут парадак.
Узброіўшыся косамі, пэндзлікамі і мяшкамі для смецця, валанцёры – прадстаўнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, землеўпарадкавальнай службы, лясгаса, раённага аб’яднання прафсаюзаў і БРСМ – прыступілі да добраўпарадкавання крынічкі. Прылеглую тэрыторыю абкасілі, пафарбавалі парэнчы ля прыступак, сабралі смецце…
Пакуль каля крыніцы кіпела работа, па ваду сюды прыехаў не адзін чалавек, хто на машыне, а хто і на веласіпедзе. Напрыклад, Аляксандр, жыхар Бешанковічаў, набіраючы чарговую каністру, прызнаўся, што ўжо даўно п’е выключна крынічную ваду. Бярэ адразу з запасам – літраў 60. «Вада тут вельмі смачная! Яна доўга захоўваецца, не псуецца, а яшчэ тут добры падыход да ручая, зручна напаўняць ёмістасці», – адзначыў мужчына.
Глыток сцюдзёнай вады з крыніцы гарачым летам – якое гэта задавальненне! А калі яна яшчэ не толькі смачная, але і карысная – удвая прыемна. Перыядычна раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі праводзіць аналіз вады ў дадзенай крыніцы: яна адпавядае ўсім нормам.
Святлана ВАРОШКА.