Close
Курс валют: $ 3.5309 | € 3.7119 | ₽100 3.3167 | 
 Погода в Бешенковичах: 0 °Cпеременная облачность

В семье Корнейковых из Бешенкович любви всем поровну

Першы дзень лета напамінае многім пра тое, што кожнаму дзіцяці патрэбна наша ўвага …

     Вельмі прыемна, што ў наш няпросты час ёсць сем’і, якія выхоўваюць не толькі сваіх, але з задавальненнем дораць увагу дзеткам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Гэта – прыёмныя бацькі, якія не палохаюцца цяжкасцяў і бяруць на сябе адказнасць за самае каштоўнае – за дзяцей.

     У ліку такіх – сям’я Карняйковых з Бешанковіч. Раіса Мікалаеўна і Сяргей Рыгоравіч – клапатлівыя і пяшчотныя бацькі. Маючы сваіх дваіх, яны ўзялі на сябе адказнасць за выхаванне некалькіх прыёмных дзяцей з няпростым лёсам і характарам. Але пра ўсё па парадку.

     – З мужам мы выхавалі дваіх родных дзяцей і 5 прыёмных, – пачала аповед гаспадыня хаты. – Нашы старэйшыя дзеткі — Кацярына і Іван — даўно выляцелі з бацькоўскага гнязда, зараз з намі застаўся Віценька – наш гонар і першы памочнік ва ўсіх справах.

     Узяць першае прыёмнае дзіця  Карняйковы вырашылі больш за 15 гадоў таму. Ім вельмі хацелася, каб дома чуўся дзіцячы смех, быў невялікі беспарадак, раскіданыя цацкі… Хацелася падарыць любоў і шчасце маленькаму чалавеку, ганарыцца яго поспехамі і дасягненнямі. У мужа і жонкі ніколі не ўзнікала думка, што яны не змогуць яго любіць, яны выразна разумелі – гэта ж будзе іх дзіця! У іх залатое правіла – усе дзеці родныя.

     Першым у сям’і з’явіўся другакласнік Саша з сельскай мясцовасці. Ён жыў з новымі бацькамі 8 гадоў. Раіса Мікалаеўна ўспамінае, што Аляксандр быў вельмі энергічным, яго захапляла практычна ўсё. Хлопчык наведваў некалькі спартыўных секцый, самымі любімымі былі па вольнай барацьбе і стральбе.    

     – Калі надышоў час здаваць экзамены за курс базавай школы, біялагічныя бацькі ўжо аднавілі свае правы на вяртанне сына, – працягнула прыёмная мама. – Сашыны дакументы на паступленне ў ліцэй мы вазілі ўжо ўсе разам, і не ведаю, хто з нас хваляваўся і перажываў больш…

     Доўга Карняйковы не маглі жыць без звыклых «Чаму?», «Як?» і «Навошта?», а таксама прыемных клопатаў, таму і прынялі рашэнне  узяць Дзяніску. У новай сям’і хлопчык пражыў 3,5 гады. Па характары – халерык. Ён усё і заўсёды паспяваў. Калі ж надышоў час вяртацца да родных, Раіса Мікалаеўна адправілася з ім паглядзець новую прасторную хату, якую выдалі бацькам замест старой.

     Тры гады ў новай сям’і пражыў Клім. Хлопца адабралі ў матулі з-за стану яе здароўя.

    – Аднойчы мы з Сярожам падумалі, а чаму ўвесь час бяром хлапчукоў, бо ёсць і дзяўчынкі, якія апынуліся ў няпростай сітуацыі, так і вырашылі прытуліць Ангелінку, – гаворыць жанчына. – На жаль, наша красуня пабыла ў нас усяго толькі дзесяць месяцаў, але, нягледзячы на гэты кароткі час, яна падарыла нам масу эмоцый і прымусіла глядзець не некаторыя рэчы па-іншаму.

    Даўжэй за ўсіх папярэдніх дзяцей у Карняйковых знаходзіцца Віця. У свае чатыры гады хлопчык шмат што не ўмеў ці рабіў не так, як трэба. Аднак ён быў здольным, і ў хуткім часе ўсё стала добра атрымлівацца.  

    – Віценька наш — сціплы, працавіты хлопец, – адзначыла Раіса Мікалаеўна. – З ім цікава гутарыць, ён можа падтрымаць любую гутарку і, як усе дзеці, любіць марыць і фантазіраваць. Заўсёды прыемна чуць ад сяброў і настаўнікаў добры словы ў адрас нашых дзяцей.

     Хлопчык і сапраўды рознабаковая асоба. Віця наведвае мастацкую школу, мае пэўныя поспехі на занятках па валейболе. 

     Як ва ўсіх, у Карняйковых ёсць свае традыцыі і звычаі. Усё вельмі любяць збірацца на святы за вялікім сталом. Калі працаваць і адпачываць, то таксама толькі разам. Улетку, калі прыязджаюць на канікулы ўнукі Соф’я і Елісей, Карняйковы выязджаюць на прыроду,  ходзяць у лес.

    – Я хачу звярнуцца да тых пар, у якіх ёсць жаданне дапамагчы дзеткам: ніколі не думайце, што дзеці – гэта не праблема.  Як чалавек дасведчаны ў гэтым плане, магу сказаць – гэта натхненне. Аддавайце ім сваю любоў, клопат, падтрымвайце ва ўсіх пачынаннях, прымайце іх такімі, якія яны ёсць, дзяліцеся ўсім, што ў вас ёсць і вы атрымаеце нашмат больш. Дзеці напаўняюць наша жыццё сэнсам, гармоніяй, шчасцем, якія не трэба шукаць, купляць за вялікія грошы, яны заўсёды з намі побач, – дадала Р. М. Карняйкова.

Кацярына ПЕТУХОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Leave a comment
scroll to top