Close
Курс валют: $ 3.415 | € 3.5911 | ₽100 3.3927 | 
 Погода в Бешенковичах: -1 °Cнебольшая облачность

Николай Анатольевич Заблоцкий: Всегда и везде в гуще событий

1 чэрвеня стаў апошнім працоўным днём намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта М. А. Заблоцкага.

Мікалая Анатольевіча па праву можна назваць адным з найбольш  паважаных  і  аўтарытэтных людзей у раёне. За яго плячыма больш за 30 гадоў дзяржаўнай службы, 20 з якіх ён курыраваў пытанні сацыяльнай сферы Бешанковіччыны. Чалавек глыбока эрудзіраваны, з шырокім кругаглядам, М. А. Заблоцкі заўсёды ўмеў матываваць і павесці за сабой, менавіта гэтым нязменна захапляў калег. І зараз, калі прыйшоў час развітвацца, яны ўсе сабраліся ў малой зале райвыканкама, каб яшчэ раз выказаць Мікалаю Анатольевічу сваю шчырую павагу.

    З нагоды провадаў М. А. Заблоцкага на заслужаны адпачынак работнікі райвыканкама падрыхтавалі і правялі ўрачыстае святочнае мерапрыемства, падчас якога нагадалі старонкі з жыцця Мікалая Анатольевіча.

    …Яго працоўны шлях пачаўся ў далёкім 1973 годзе. Будучы 16-гадовым юнаком, паспрабаваў сябе ў ролі настаўніка фізкультуры ў Дзімітраўскай васьмігадовай школе. Як гаворыцца, зачапіла, і сваё далейшае жыццё вырашыў звязаць з прафесіяй настаўніка. Асвойваў яе ў Беларускім інстытуце фізічнай культуры, Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце, атрыманыя веды прымяняў у Бачэйкаўскай і Паўазерскай сярэдніх школах. Малады настаўнік набіраўся вопыту, прыкладваючы немалыя намаганні па авалоданні абранай прафесіяй, і вось ужо ён — дырэктар Бачэйкаўскай сярэдняй школы. Падчас дырэктарства Мікалай Анатольевіч праявіў сябе як адказны кіраўнік, здольны вырашаць нават самыя складаныя задачы. І гэта не засталося незаўважаным раённай уладай. У 1989 годзе М. А. Заблоцкага прызначаюць загадчыкам ідэалагічнага аддзела Бешанковіцкага РК КПБ, пазней — намеснікам старшыні Бешанковіцкага раённага Савета народных дэпутатаў, першым сакратаром Бешанковіцкага райкама КПБ, старшынёй Бешанковіцкага раённага Савета дэпутатаў. А з 2000 года ён стаў ля руля сацыяльнай сферы раёна.

    Імя Мікалая Анатольевіча нярэдка сустракалася на старонках нашай газеты. Сходы, святы, пасяджэнні… Намеснік старшыні райвыканкама заўсёды і ўсюды быў у гушчы падзей. Толькі работу больш за 20 камісій курыраваў, не кажучы пра іншыя не менш важныя напрамкі дзейнасці. Сацыяльная абарона, адукацыя, культура, ахова здароўя… З усімі кіраўнікамі службаў у Мікалая Анатольевіча склаліся цёплыя даверныя адносіны, і гэта, на яго думку, дарагога варта.

    Асаблівую ўвагу ў сваёй працы М. А. Заблоцкі надаваў пажылым і дзецям. Лічачы, што ў кожнага дзіцяці павінна быць моцная сям’я, добрая адукацыя, пастаяннае духоўнае і фізічнае развіццё, Мікалай Анатольевіч змагаўся з заганамі нядбайных бацькоў, якія кідаюць сваіх дзяцей на волю лёсу, рабіў шмат для развіцця культуры, спорту, адукацыі раёна. А таксама садзейнічаў стварэнню і падтрыманню спрыяльных умоў для пражывання ветэранаў, састарэлых грамадзян і інвалідаў.

    Мікалай Анатольевіч часта прыводзіў словы Мікалая Астроўскага: «Жыццё даецца чалавеку адзін раз, і пражыць яго трэба так, каб не было балюча за бязмэтна пражытыя гады». Дык вось, каму сапраўды не будзе балюча, дык гэта менавіта яму. З адыходам гэтага чалавека нас пакідае цэлая эпоха. Ён заўсёды працаваў сумленна, цалкам аддаваўся сваёй справе, пры гэтым не лічыўся з асабістым часам. Пастаянная занятасць не дазваляла праводзіць з сям’ёй шмат часу, але затое цяпер, на заслужаным адпачынку, ёй можна прысвяціць сябе цалкам. Вядома, немагчыма ўявіць паспяховага кіраўніка без надзейнага тылу. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў надзейнай спадарожніцай жыцця Мікалая Анатольевіча з’яўляецца Алена Іванаўна. За гады сумеснага жыцця ў іх нарадзіліся дзве дачкі, якія падарылі дзядулю і бабулі траіх унукаў. Менавіта ім Мікалай Анатольевіч і плануе аддаваць большую частку свайго часу… А яшчэ Мікалай Анатольевіч прызнаўся, што хоча павандраваць, свет паглядзець, бо за ўсе гэтыя гады яму мала дзе даводзілася бываць.

    Аддаючы свайму ўжо былому намесніку працоўную кніжку, старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч падзякавала яму за сумесную працу і пажадала здароўя, міру і дабра. «Для Вас пачынаецца новы віток жыцця, не менш цікавы. Упэўнена, што Вы гэтак жа выдатна знойдзеце сябе на гэтым этапе жыццёвага шляху», —  адзначыла Галіна Уладзіміраўна. Нямала добрых слоў, спрабуючы схаваць хваляванне, сказалі на развітанне ўсе прысутныя на ўрачыстых провадах калегі, пры гэтым адзначыўшы адказнасць і добрасумленнасць, спагадлівасць і мудрасць свайго таварыша.

   Праца М. А. Заблоцкага на карысць раёна не раз была адзначана па заслугах. Чарговую ўзнагароду — Ганаровую грамату Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта — Мікалаю Анатольевічу ўручыў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама У. М. Давыдоўскі. Уладзімір Мікалаевіч паспрабаваў успомніць прыклады такога ж шматгадовага служэння на пасадзе намесніка старшыні… Але не змог. Мікалай Анатольевіч Заблоцкі такі адзін… Ганаровую місію ў гэты дзень выканаў і ваенны камісар Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў А. М. Савіч, уручыўшы віноўніку ўрачыстасці юбілейны медаль «75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў».

    Калі ўсе віншаванні і пажаданні былі выказаны, Мікалай Анатольевіч у адказ яшчэ раз падзякаваў калегам за сумесную працу, папрасіў прабачэння ва ўсіх, каго калі-небудзь пакрыўдзіў, і заклікаў і далей добрасумленна выконваць свае службовыя абавязкі.

   Урачыстасць скончылася на пазітыўнай ноце і з упэўненасцю, што, нягледзячы на выхад у адстаўку, Мікалаю Анатольевічу сумаваць не давядзецца. А пройдзеная служба стане неацэнным вопытам, падмуркам новага этапу жыцця, у якім знойдзецца месца гонару за сваю працу і ціхаму мірнаму шчасцю.

Святлана ВАРОШКА.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

0 Comments
scroll to top