10 чэрвеня ў школах раёна прайшлі выпускныя вечары. У гэтым годзе на Бешанковіччыне назаўжды развіталіся са школай 60 адзінаццацікласнікаў.
Несумненна, выпускнікі 2020 года заканчвалі школу ў няпросты час. Эпідэміялагічная сітуацыя прадыктавала свае правілы, якімі нельга грэбаваць. Не было шумных выпускных баляў, але без свята маладыя людзі ўсё роўна не засталіся – хай і прайшло яно ў не зусім звыклым фармаце.
Трынаццаці навучэнцам СШ №1 райцэнтра ў гэты дзень былі ўручаны атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі. Па традыцыі гэту ганаровую місію выканала дырэктар школы Людміла Ігараўна Шведава. Прыемна, што ў дадзенай установе адукацыі адна дзяўчына – Лізавета Сухушына – скончыла школу з сярэбраным медалём. Школа ганарыцца поспехамі сваёй выпускніцы. Адзначаны таксама і навучэнцы, якія паспяхова займаліся па пэўных прадметах. Многія бацькі выпускнікоў атрымалі падзячныя лісты.
Павіншаваць дзяўчат і юнакоў з пачаткам дарослага жыцця прыйшла старшыня раённага выканаўчага камітэта Г. У. Унуковіч. Галіна Уладзіміраўна падзякавала ім за старанні ў вучобе і выказала надзею на тое, што праз некалькі гадоў іх прафесійныя веды знойдуць прымяненне на роднай бешанковіцкай зямлі. Да віншаванняў далучыўся начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Іванавіч Ерашоў. З самымі цёплымі словамі да сваіх дзяцей звярнуўся класны кіраўнік Віталь Аляксеевіч Гарбачоў. У сваю чаргу выпускнікі дзякавалі сваім педагогам, бацькам за тое, што на працягу адзінаццаці гадоў яны іх падтрымлівалі і ва ўсім дапамагалі.
Школьны выпускны ніколі ўжо не паўторыцца… У мінулым засталося бесклапотнае дзяцінства… Сёння ўчарашнія школьнікі ўступаюць у новы этап жыцця, наперадзе новыя сябры, падзеі, здзяйсненні і, вядома, цэнтралізаванае тэсціраванне. Яно ў гэтым годзе перанесена на больш позні тэрмін, так што яшчэ ёсць час як след падрыхтавацца.
Алена МАРОЗАВА.