Close
Курс валют: $ 3.415 | € 3.5911 | ₽100 3.3927 | 
 Погода в Бешенковичах: 1 °Cясно

В Бешенковичском районе прошло межрайонное соревнование по рыбной ловле и охотничье-стрелковому многоборью

У мінулую суботу Бешанковіччына прымала міжраённае спаборніцтва па рыбнай лоўлі і паляўніча-стралковым мнагабор’і. Маштабнае мерапрыемства не засталося без увагі мясцовай улады. Паспяховай барацьбы яго ўдзельнікам пажадала старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч.

Вызначыць, хто самы трапны стралок і лепшы рыбалоў, сабраліся 30 аматараў палявання і рыбнай лоўлі з Лёзна, Шуміліна, Гарадка, Віцебска і Бешанковіч. Гонар нашага раёна на стрэльбішчы абаранялі Аляксей Каравач, Аляксандр Зубец, Юрый Раманаў, а з вудамі — Трафім Шнявін, Сяргей Каравач і Станіслаў Краско.

Ледзь развіднела, каманды ўжо былі на месцы. Але гэта не дзіва, рыбаловам і паляўнічым не прывыкаць да ранніх пад’ёмаў. Тут жа і надвор’е спрыяла, і азарт быў, і настрой баявы. Абмеркавалі яшчэ раз арганізацыйныя моманты і — на старт. Рыбаловы спаборнічалі на возеры Слабодскае ля вёскі Давыдкавічы, паляўнічыя — на полі, што ля вёскі Клешчыно, іх спаборніцтва складалася з дзвюх частак — стральбы па мішэні і па талерках. Не адну гадзіну ішла барацьба. Вядома, кожны ўдзельнік хваляваўся: трэба было праявіць сваё цярпенне і майстэрства. Аднак камусьці пашчасціла больш.
Першымі «адстраляліся» паляўнічыя. Героямі дня сярод стралкоў сталі Дзмітрый Шлюхто з Лёзна (набраў 78 балаў), Аляксей Кузьміч з Гарадка (74 балы) і Віктар Варанцоў з Лёзна (68 балаў). Першае месца ў паляўніча-стралковым шматбор’і заваявала каманда Лёзненскай раённай арганізацыйнай структуры РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў». Другое і трэцяе месцы — у Гарадоцкай і Бешанковіцкай райаргструктур.

Самымі-самымі рыбаловамі прызналі Сяргея Каравача (самы важкі ўлоў — 2 кг 450 г), Аляксандра і Васіля Юдавых (іх паказчык — 2 кг 210 г і 900 г адпаведна). Лепшай на лоўлі рыбы лёгкай паплавочной вудай стала каманда з Шуміліна, другое месца ўзялі нашы землякі, трэцяе — прадстаўнікі Гарадка.

Пасля спаборніцтва яго ўдзельнікі частаваліся шурпой, у сяброўскай размове дзяліліся сваімі паляўнічымі і рыбацкімі хітрыкамі. На гэтым, трэба заўважыць, рыбацкія прыгоды не закончыліся. У суботу на Шуміліншчыне (на возеры Муражніцкае, што ля вёскі Язвіна) пройдзе Віцебскі абласны адкрыты фестываль па летняй рыбнай лоўлі з лодкі і з берага, а 26 верасня — абласное спаборніцва ў Пастаўскім раёне на возеры Дубок. Нашы пераможцы абавязкова паспрабуюць там свае сілы. Жадаем заўзятым рыбакам поспехаў!

Марыя САНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

0 Comments
scroll to top