У Бешанковіцкім раёне стартавала прышчэпачная кампанія супраць грыпу. Як паведамілі ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, у сераду ў цэнтральнай раённай бальніцы ўжо мелася 1235 доз вакцыны «Грыпол-плюс», набытых за кошт рэспубліканскага бюджэту. І гэта толькі невялікая частка. Усяго плануецца вакцынаваць не менш за 40% насельніцтва рэгіёна, для гэтага неабходна больш за 6 тысяч доз вакцыны.
На бясплатнай аснове ў першую чаргу прышчэпку ад грыпу атрымаюць цяжарныя жанчыны, дзеці і дарослыя, якія пакутуюць хранічнымі захворваннямі, асобы, старэйшыя за 65 гадоў, а таксама якія знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным знаходжаннем, медыцынскія работнікі, школьнікі, дзеці ад 3 да 6 гадоў. Вакцынавацца ад сезоннага віруса можна і на платнай аснове, у дадзеным выпадку будзе таксама выкарыстоўвацца супрацьгрыпозная вакцына «Грыпол-плюс».
Каб прышчапіцца ад грыпу бясплатна і за кошт асабістых сродкаў грамадзян, неабходна звярнуцца ў паліклініку ЦРБ. Для імунізацыі членаў працоўных калектываў створана спецыяльная брыгада, якая будзе выязджаць на прадпрыемствы ў адпаведнасці з дагаворамі.
Дарэчы, у гэтым годзе вакцынацыя ад грыпу пачалася крыху раней. Гэта абумоўлена цыркуляцыяй каранавіруснай інфекцыі. Як адзначаюць спецыялісты, цяпер у чалавецтва няма магчымасці абараніцца ад COVID-19 з дапамогай вакцыны, але ў кожнага ёсць магчымасць дапамагчы сабе не захварэць на грып, зрабіўшы прафілактычную прышчэпку. Відавочна, што спалучэнне ў чалавека каранавіруснай інфекцыі і сезоннага грыпу ўяўляе даволі сур’ёзную небяспеку. Абодва захворванні неспрыяльна ўздзейнічаюць перш за ўсё на лёгачную тканіну, выклікаючы пнеўманію.
Міністэрства аховы здароўя ж прыводзіць шэраг навуковых дадзеных аб тым, што прышчэпка ад грыпу можа аказаць станоўчы эфект у папярэджанні COVID-19. Вакцынацыя сучаснымі вакцынамі суправаджаецца не толькі фарміраваннем спецыфічных антыцелаў да штамаў віруса грыпу, але і ранняй актывацыяй клеткавых механізмаў супрацьвіруснага імуннага адказу, які прыводзіць да зніжэння захворвання на грып і ВРІ, і, па ўсёй бачнасці, каранавірусную інфекцыю. Таму, упэўненыя спецыялісты, вакцынацыя супраць грыпу гэтай восенню будзе больш важная, чым калі-небудзь раней.
Святлана ВАРОШКА.