Першы восеньскі кірмаш у мінулую суботу парадаваў бешанкавічан не толькі асартыментам тавараў, але і культурнай праграмай.
Колькі каштуе? Які гатунак? Гэтыя пытанні гучалі на цэнтральнай плошчы, напэўна, часцей за іншыя. Найперш пакупнікі спяшаліся туды, дзе сельгаспрадпрыемствы прадавалі сваю сезонную прадукцыю: збожжа, бульбу, агародніну, садавіну. ЗАТ «ААБ-Агра Наватар», СУП «Вядзерава», ДП «ПалітаддзелецАгра», КСВУП «ДраздыАгра», ААТ «Бешанковічы аграсэрвіс», Ульскі ліцэй імкнуліся прывабіць пакупнікоў не толькі таварамі, але і іх адмысловай выкладкай. Вось такімі словамі да сваіх гандлёвых месцаў пакупнікоў зазывалі свіцінцы:
СУП «Свіціна-ВМК» вітае,
Да сябе ўсіх запрашае!
Дарэмна часу не губляйце,
Наш тавар хутчэй купляйце!
А нам ёсць чым ганарыцца,
Ёсць і мяса, і пшаніца.
Усяго, што душа жадае, было дастаткова і ў палатках Бешанковіцкага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства. Мясныя паўфабрыкаты, фарш, каўбаскі… Гэтыя тавары разыходзіліся хутка. Ахвотна куплялі людзі і вітаміны (брусніцы, журавіны), знайшлі сваіх пакупнікоў і нехарчовыя тавары.
Канкурэнцыю філіялу аблспажыўтаварыства склалі прыватныя гандляры, у якіх можна было набыць прысмакі, цацкі, мёд, смачную гарбату, саджанцы пладовых дрэў і дэкаратыўных кустоў.
На кірмашы свае вырабы выстаўлялі народныя майстры і ўмельцы з устаноў адукацыі Бешанковіччыны. Хапала гледачоў і ля імправізаванай сцэны, дзе, нягледзячы на дождж, добры настрой гандлярам, пакупнікам стваралі самадзейныя артысты.
Сапраўдным упрыгожаннем мерапрыемства сталі падворкі сельсаветаў, падрыхтаваныя да раённага конкурсу «Запрашаем у нашу хату — ураджай у нас багаты». Чаго там толькі не было: смачныя стравы, вырабы мастацтва… Ды і песні з танцамі не пакінулі абыякавымі. Дарэчы, кампетэнтнаму журы, якое выбірала пераможца конкурсу, было нялёгка, кожны падворак быў непаўторны і прывабліваў сваім хараством.
Пасля доўгага абмеркавання лепшым прызналі падворак астровенцаў. На другім месцы аказаліся бачэйкаўцы, трэцяе заваяваў Соржыцкі сельсавет. На кірмашы таксама ўзнагародзілі пераможцаў раённага конкурсу фігур з саломы, якія рыхтавалі да абласнога свята ўраджаю. У намінацыі «Лепшая кампазіцыя» перамог Вярхнякрывінскі сельсавет (у стварэнні саламянага шэдэўра «Млын» прымалі ўдзел СШ №2 і ЗАТ «ААБ-Агра Наватар»). «За самую арыгінальную ідэю» ўзнагароду атрымаў Вярхоўскі сельсавет (СУП «Свіціна-ВМК», мастак М. М. Гайсёнак), «За афарміцельскае майстэрства» адзначаны Бешанковіцкі сельсавет (СШ №1 і ДП «ПалітаддзелецАгра»). У рамках конкурсу «За лепшую восеньскую кветкавую кампазіцыю» адзначана Бешанковіцкая ЦБС.
Упершыню на кірмашы была праведзена бяспройгрышная латарэя. І прызы, скажу я вам, былі цэнныя. Можна было выйграць бульбу, рулон саломы, прычэп дроў ці арганікі, бярозавыя венікі, а галоўным прызам аказаўся бычок. Ён адправіўся дадому да жыхаркі райцэнтра Аксаны Лейчанка.
На здымках: яркія моманты кірмашу.
Алена МАРОЗАВА.