12 лістапада пачалася адпраўка грамадзян Рэспублікі Беларусь, прызваных на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, у злучэнні і воінскія часці Узброеных Сіл, іншыя войскі і воінскія фарміраванні.
З Бешанковіцкага раёна на службу ў армію прызываюць 27 чалавек. Чацвёра з іх – Ігар Варнашоў, Арцём Куімаў, Максім Рыбачок і Аляксандр Салаўёў – атрымалі павесткі на 16 лістапада. У 7 гадзін раніцы навабранцаў ужо чакалі ў ваенным камісарыяце Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў. Маладыя людзі прыкметна хваляваліся, але стараліся не падаваць выгляду. Праводзіць іх у войска прыйшлі родныя, блізкія, сябры, наперадзе юнакоў чакала сапраўдная мужчынская справа – абараняць Радзіму.
Крыху ўзбуджаных, але поўных рашучасці і аптымізму навабранцаў было не адрозніць ад звычайнай моладзі, але ўсе разумелі, што праз некалькі гадзін яны прыедуць у сваю вучэбную часць, якая знаходзіцца ў Печах, зменяць на ваеннае абмундзіраванне прывычныя джынсы і красоўкі, а замест тэлефонаў у руках хутка акажуцца аўтаматы.
Дарэчы, зусім нямногія маладыя людзі ідуць у армію прама са школьных партаў, большасць мае за плячыма прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, а то і вышэйшую адукацыю. Арцём Куімаў, напрыклад, сёлета скончыў Ульскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці імя Л. М. Даватара, ён слесар, цясляр, да прызыву на службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь працаваў у ААТ «ЛІТУАНІЯЛЕС». Выпускніком Барысаўскага дзяржаўнага каледжа з’яўляецца Максім Рыбачок, які задаволены, што будзе служыць побач з Барысавам, там у яго шмат сяброў. Будзе несці службу годна – можна будзе разлічваць на звальненне.
Прафесійна-тэхнічную адукацыю ў Віцебскім дзяржаўным прафесійным ліцэі №5 прыборабудаўніцтва набыў да арміі Аляксандр Салаўёў. Год з паловай праляцяць непрыкметна, пасля дэмабілізацыі можна будзе адразу ісці працаваць па набытай спецыяльнасці аператарам ЭВМ або мантажнікам радыёэлектроннай апаратуры і прыбораў.
Ігар Варнашоў – старэйшы з навабранцаў, маладому чалавеку 21 год. За плячыма вучоба ў Аршанскім дзяржаўным аграрным каледжы, першыя працоўныя крокі на пасадзе агранома ў ААТ «Шайцерава» Верхнядзвінскага раёна. Ад службы Ігар хоча ўзяць усё самае лепшае: знайсці новых сяброў, атрымаць ваенна-ўліковую спецыяльнасць, навучыцца самастойна прымаць рашэнні і несці адказнасць за свае ўчынкі. А калі спадабаецца, то і застацца служыць па кантракце.
У сям’і Варнашовых служылі ўсе мужчыны: дзед, бацька, старэйшы брат, які пасля арміі пайшоў працаваць у міліцыю. У адказны момант у жыцці Ігара Варнашова побач з ім былі родныя людзі: маці Таццяна Уладзіміраўна, бацька Уладзімір Міхайлавіч і нават бабуля. Жанчыны хваляваліся, бацька падбадзёрваў: салдат павінен стойка пераносіць усе цяжкасці ваеннай службы, адчуваць адказнасць за сваіх родных і блізкіх, сяброў, за сваю краіну. Мама, не хаваючы слёз, жадала сыну дастойна прайсці праз усе выпрабаванні і ведаць, што дома яго заўсёды чакаюць.
Па словах вядучага спецыяліста групы прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Таццяны Пятроўны Калеснікавай, нашы маладыя землякі адказна і з усёй сур’ёзнасцю аднесліся да мерапрыемстваў прызыву, якія нягледзячы на няпростую эпідэміялагічную абстаноўку праходзяць у штатным рэжыме. Прыняты шэраг эфектыўных мер, накіраваных на захаванне здароўя навабранцаў, прадухіленне распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі сярод іх. Маладым людзям, хто з пачатку навучальнага года па нейкіх прычынах адлічаны з устаноў адукацыі, спецыяліст параіла неадкладна звярнуцца ў райваенкамат, прайсці ва ўстаноўленым парадку мерапрыемствы прызыву.