У снежні мінулага года ў кітайскім горадзе Ухань была зафіксавана ўспышка пнеўманіі, выкліканай новым каранавірусам, якому Сусветная арганізацыя аховы здароўя прысвоіла афіцыйную назву – COVID-19. Захворванне хутка распаўсюдзілася па свеце, стала рэальнасцю ў нашай краіне. Зараз мы перажываем ужо яго другую хвалю. Колькасць заражаных каранавірусам расце. На мінулым тыдні штодзённая колькасць захварэўшых у Беларусі перасягнула лічбу 1400. Міністэрства аховы здароўя разлічвае выйсці на плато па захваральнасці на каранавірус у снежні 2020 года – студзені 2021 года.
13 лістапада масачны рэжым да стабілізацыі эпідэміялагічнай сітуацыі ўведзены і ў Бешанковіцкім раёне. «Цяпер ва ўсіх грамадскіх месцах трэба абавязкова насіць маску?» – цікавіліся чытачы газеты ў час правядзення «прамой лініі» ў рэдакцыі «Зары» па пытаннях прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі, удзел у якой бралі спецыялісты санітарнай службы раёна.
– Хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць, – напомніў урач-гігіеніст Бешанковіцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі А. В. Макулькін. – Нашэнне масак – прафілактычная мера. Зараз яна мае ўжо не рэкамендацыйны, а абавязковы характар. Магазіны, аптэкі, кафэ, банкі, паліклініка, бальніцы, пошта, прадпрыемствы бытавога абслугоўвання, іншыя аб’екты – паўсюль трэба насіць маскі. Гэта датычыцца як наведвальнікаў, так і работнікаў. Масачны рэжым неабходна захоўваць таксама ў грамадскім транспарце, у тым ліку ў маршрутках і таксі. Напрыклад, у аўтобусе высокая верагоднасць атрымаць інфіцыруючую дозу, паколькі ў халодную пару года ён едзе з цалкам закрытымі вокнамі, руху паветра практычна няма, а людзі знаходзяцца вельмі шчыльна адзін да аднаго, асабліва ў гадзіну пік.
Упускаць ці не ўпускаць наведвальніка без маскі, абслугоўваць яго або не, кожная арганізацыя вырашыць сама. За парушэнне санітарных правілаў па адміністрацыйным кодэксе адказваць будуць кіраўнікі аб’ектаў. Навошта чакаць пакарання? Маскі, правільнае іх нашэнне, як і захаванне сацыяльнай дыстанцыі – гэта наша бяспека. Не выпрабоўвайце лёс, лепш паберажыце сябе і сваіх блізкіх. На жаль, не ўсе гісторыі барацьбы з небяспечным вірусам, нягледзячы на намаганні медыкаў, маюць шчаслівы канец. За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі больш за тысячу чалавек з выяўленым каранавірусам. Сумленнасць і адказнасць за здароўе ляжаць на нашых плячах.
Зараз на эпідэміёлагаў санітарнай службы раёна ў тым ліку ўскладзена задача па зборы эпідэміялагічнага анамнезу ў захварэўшага на каранавірусную інфекцыю для арганізацыі правядзення санітарна-проціэпідэмічных мерапрыемстваў, якія ўключаюць устанаўленне кола асоб, што адносяцца да кантактаў першага і другога ўзроўняў (па месцы жыхарства, працы, вучобы), іншыя меры. Вызначаецца верагоднае месца заражэння, а таксама аб’ём дэзынфекцыйных мерапрыемстваў. Кантакты першага ўзроўню інфармуюцца аб тым, што яны павінны знаходзіцца на самаізаляцыі, звесткі перадаюцца ў цэнтральную раённую бальніцу, праводзіцца дэзынфекцыя. Толькі за апошні тыдзень, з 10 па 16 лістапада, як расказваў Арцём Віктаравіч, станоўчы тэст на COVID-19 на Бешанковіччыне атрымалі 37 чалавек. Работнікі санітарнай службы праводзілі штодзень у сярэднім па 7 расследаванняў. Таму трывога спецыяліста зразумелая і да месца.
* * *
Пацікавіліся нашы чытачы і пра асноўныя прынцыпы сацыяльнага дыстанцыявання.
– Прынцып сацыяльнага дыстанцыявання, – патлумачыў А. В. Макулькін, – заключаецца ў тым, што чалавек арганізуе сваё жыццё такім чынам, каб скараціць на 75% кантакты за межамі дома і работы і на 25% – на рабоце. Калі людзі прытрымліваюцца гэтага правіла, менш бываюць у грамадскіх месцах, абмяжоўваюць кантакты, распаўсюджванне інфекцыі замаруджваецца. Не выходзьце з дому, калі ў гэтым няма вострай неабходнасці. Многія пытанні можна вырашыць па тэлефоне, з дапамогай іншых сродкаў сувязі, а прадукты заказаць з дастаўкай да парога. Калі выйсці на вуліцу неабходна, захоўвайце дыстанцыю ў паўтара метра. Як можна часцей мыйце рукі, карыстайцеся сродкамі для дэзынфекцыі або антысептыкамі. Пазбягайце фізічных кантактаў, у тым ліку рукапацісканняў і абдымкаў.
* * *
Жыхар вёскі Верхняе Крывіна П. Д. Скрабло скардзіўся: пайшоў у аптэку за таблеткамі, якія прымае па рэкамендацыі ўрача ад высокага ціску і халестэрыну, а яго накіравалі ў паліклініку за рэцэптам.
– Цяпер такая сур’ёзная эпідэміялагічная абстаноўка, а мне трэба ехаць у райцэнтр і садзіцца ў чаргу да доктара разам з хворымі людзьмі? Так і інфекцыю падчапіць нядоўга, – абураўся мужчына.
– Без лішняй неабходнасці ў бальніцу ехаць не трэба, – патлумачыў А. В. Макулькін, а затым яго словы пацвердзіў і загадчык паліклінікі цэнтральнай раённай бальніцы А. М. Домкін. – Калі медыкаменты выпісаны хвораму ўрачом для пастаяннага прыёму, калі новых скаргаў на стан здароўя няма, для выпіскі рэцэпта дастаткова звярнуцца ў рэгістратуру паліклінікі, пакінуць заяўку, удакладніць іншыя пытанні. Рэгістратары аднясуць вашу картку доктару, ён выпіша рэцэпт, які затым перададуць у аптэку. Вам застанецца толькі забраць лекі. Заўважце, ільготныя рэцэпты прымаюцца ў цэнтральнай аптэцы.
* * *
У час правядзення «прамой лініі» па просьбе нашай падпісчыцы А. В. Макулькін адказаў і на пытанне, як правільна праводзіць дэзынфекцыю жылога памяшкання, калі знаходзішся на самаізаляцыі.
Як патлумачыў спецыяліст, правілы не такія ўжо і складаныя. Кожны дзень рабіце вільготную ўборку ў доме ці кватэры. Асаблівая ўвага – туалету, ваннай, кухні. Калі ёсць магчымасць, выкарыстоўвайце аднаразовыя анучы, сурвэткі. У адваротным выпадку добра памыйце іх у мыючым сродку і прасушыце.
Пасля ўборкі важна працерці антысептыкам для скуры рукі, рэгулярна праветрываць памяшканні. Калі антысептыку няма, памыйце рукі цёплай вадой з мылам на працягу 15-20 секунд. Бялізну мыць рэкамендуецца пры тэмпературы вады 60 градусаў. Для абеззаражвання паверхняў – дзвярных ручак, кранаў, сталоў і г. д. выкарыстоўвайце спецыяльныя дэзынфіцыруючыя сродкі ў адпаведнасці з інструкцыяй па іх прымяненні. У крайнім выпадку можна ўзяць хлорны або кіслародны сродак для адбельвання бялізны. На этыкетцы звычайна ёсць інфармацыя пра тое, як з яго зрабіць раствор для дэзынфекцыі. Калі яе няма: бераце 1 частку сродку для адбельвання (грам, мілілітр) на 10 частак цёплай вады або адну сталовую лыжку на шклянку цёплай вады. Раствор акуратна перамешваеце. Працаваць з ім трэба ў пальчатках, сачыць, каб не трапіў у вочы. Праз 15 хвілін пасля апрацоўкі паверхняў іх трэба працерці сурвэткай, змочанай чыстай вадой.
Не трэба адразу рыхтаваць вялікую колькасць сродку для дэзынфекцыі: на 1-2 дні дастаткова 0,5-1 літр. Захоўваць яго трэба ў цёмным памяшканні, ёмістасць павінна быць добра закрыта.
Пасля завяршэння перыяду дамашняй самаізаляцыі рэжым уборкі і дэзынфекцыі можна захоўваць, але скараціць перыядычнасць.
Будзьце здаровыя!
Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.