Футбольная «бітва» на пляцоўцы ў ДЮСШ у мінулую пятніцу аб’яднала прадстаўнікоў сілавых структур і спартыўную моладзь. Таварыская сустрэча па міні-футболе стала новым сродкам прафарыентацыі, прафілактыкі правапарушэнняў і пажарнай бяспекі сярод падлеткаў.
Новая форма работы ініцыявана пракуратурай раёна. Удзел у спаборніцтве прынялі таксама прадстаўнікі РАУС (у тым ліку і інспекцыі па справах непаўналетніх), РАНС, аддзела па адукацыі райвыканкама. З другога боку змагаліся юныя футбалісты ФСК «Дзвіна».
Комплекснае прафілактычнае мерапрыемства ўпершыню прайшло ў фармаце спартыўнага спаборніцтва. Гэта не толькі садзейнічае фарміраванню здаровага ладу жыцця ў моладзі, выхаванню сапраўдных патрыётаў, але і ўзнімае планку адказнасці маладога пакалення за захаванне норм і правіл на палях заканадаўства.
Напружаны матч падарыў добры настрой спартсменам. Вікторыя ж усміхнулася юным аматарам актыўнага ладу жыцця. Узнагародай за перамогу былі салодкія прызы.
Марыя САНЬКО.