Close
Курс валют: $ 3.415 | € 3.5911 | ₽100 3.3927 | 
 Погода в Бешенковичах: -2 °Cнебольшая облачность

В Бешенковичах сдан в эксплуатацию новый 40-квартирный дом

Адкрыццё ў нашай краіне доўгачаканых сацыяльна значных аб’ектаў напярэдадні 7 лістапада стала добрай традыцыяй. На гэты раз адна з такіх знакавых падзей прайшла і ў Бешанковіцкім раёне. У пятніцу, 6 лістапада, адбыўся ўрачысты ўвод у эксплуатацыю новага 40-кватэрнага дома ў мікрараёне вуліцы Маладзёжнай у Бешанковічах.

Новенькі прыгажун дом з поўным рамонтам, з добраўпарадкаванай прылеглай тэрыторыяй – сапраўдны падарунак для яго будучых жыхароў. Хаця ў пачатку года, калі ўжо быў атрыманы дазвол на будаўніцтва шматпавярховіка, многія сумняваліся ў поспеху пачатай справы. Адсутнасць фінансавання ў першым квартале магла значна зацягнуць тэрміны ўводу дома. Разумеючы гэта, падрадчыкам, якім выступіла КБУП «Бешанковіцкая ПМК-41», было прынята рашэнне ўзяць крэдыт. На яго сродкі ў першыя месяцы года ўдалося цалкам узвесці падмурак дома і ажыццявіць кладку першага паверха. А затым пры садзейнічанні абласнога выканаўчага камітэта, абласнога Савета дэпутатаў, раённага выканаўчага камітэта пачаліся зрухі ў фінансаванні, і будаўнікі больш актыўна ўзяліся за працу, ішлі нават з апярэджаннем графіка. У выніку ўсё склалася – дом быў здадзены ў эксплуатацыю ў прызначаны тэрмін – 23 верасня. Цяпер тут будуць жыць бешанкавічане, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. 9 сем’яў, з якіх 7 – шматдзетныя, пабудавалі кватэры па дагаворах долевага будаўніцтва, 8 кватэр будуць сацыяльнымі, 23 – арэнднымі.

Звяртаючыся да ўсіх прысутных на ўрачыстасці, старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч адзначыла, што якой бы складанай ні была сітуацыя ў краіне, свеце, сваё жыллё, свой дах над галавой з’яўляецца асновай дабрабыту кожнай сям’і. Галіна Уладзіміраўна пажадала навасёлам, каб новае камфортнае жыллё стала для іх пачаткам новага камфортнага жыцця, каб сцены кватэр сталі надзейнай абаронай ад розных нягод. Словы падзякі кіраўнік раёна выказала ўсім, хто прымаў удзел у будаўніцтве дома, хто працаваў над праектным заданнем, даваў экспертную ацэнку распрацаванай праектна-каштарыснай дакументацыі, працаваў з насельніцтвам і сёння дорыць такі выдатны падарунак мікрараёну вуліцы Маладзёжнай. Прыемна, што апошні з кожным годам змяняецца ў лепшы бок: узводзіцца новае жыллё, рамантуецца старое, добраўпарадкоўваюцца дарогі, кантэйнерныя пляцоўкі, ажыццяўляецца азеляненне… Сваю лепту ў гэта ўносяць будаўнікі, дарожнікі, меліяратары, работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Дарэчы, менавіта камунальная служба будзе адказваць за эксплуатацыю новага дома. Прымаючы сімвалічны ключ, начальнік УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік» І. Г. Слівец павіншаваў жыхароў з атрыманнем камфортнага жылля і заклікаў іх беражліва ставіцца да новых кватэр і месцаў агульнага карыстання.

Урачыстая цырымонія адкрыцця дома падвяла рысу пад некалькімі месяцамі працы будаўнікоў. За значны асабісты ўклад у будаўніцтва і ўвод дома кіраўніцтва, а таксама шэраг работнікаў КБУП «Бешанковіцкая ПМК-41» адзначаны Падзякай старшыні раённага выканаўчага камітэта. Характэрна, што дзень адкрыцця новага шматкватэрнага дома стаў апошнім працоўным днём для намесніка старшыні райвыканкама С. М. Аўчыннікава. За шматгадовую добрасумленную працу ў органах дзяржаўнага кіравання, значны асабісты ўклад у развіццё будаўнічай і жыллёва-камунальнай галіны Бешанковіцкага раёна Сяргей Міхайлавіч удастоены Ганаровай граматы Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта. Заслужаную ўзнагароду падчас урачыстасці яму ўручыла кіраўнік раёна Г. У. Унуковіч.

Пасля таго, як была перарэзана чырвоная стужка, адбылася экскурсія па доме. У кватэрах, аздобленых «пад ключ», паклеены шпалеры, выкладзены лінолеум, устаноўлены пластыкавыя шклопакеты, міжпакаёвыя дзверы, сантэхніка, газавыя пліты… Як гаворыцца, заязджай і жыві!

Святлана ВАРОШКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

0 Comments
scroll to top