Любая хвароба палохае людзей і прымушае іх задумацца пра тое, як сябе засцерагчы. Менавіта таму ў нашай краіне ў апошні час папулярныя медыцынскія страхоўкі. А ў сувязі з імклівым распаўсюджваннем COVID-19 беларускія страхавыя кампаніі сталі прапаноўваць сваім патэнцыйным кліентам застрахавацца на выпадак заражэння гэтай інфекцыяй.
У прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Бешанковіцкім раёне, напрыклад, можна заключыць дагавор добраахвотнага страхавання ад небяспечных захворванняў па варыянце «Здароўе IV». Як патлумачыла дырэктар прадстаўніцтва І. І. Шавель, страхавым выпадкам па гэтым варыянце страхавання з’яўляецца прычыненне шкоды здароўю або жыццю застрахаванай асобы – расстройства здароўя або смерць – у выніку ўстанаўлення захворвання (выпадковага заражэння) каранавіруснай інфекцыяй.
Колькі вы атрымаеце, калі захварэеце на COVID-19? Гэта залежыць ад некалькіх фактараў.
– У выпадку страты працаздольнасці з-за заражэння каранавірусам тэрмінам да 21 каляндарнага дня, – тлумачыць Ірына Іванаўна, – кліенту выплачваецца 15% ад страхавой сумы, звыш 21 дня – 20%. Калі COVID-19 прывёў да часовай страты працаздольнасці, але захворванне праходзіць бессімптомна, застрахаваная асоба можа разлічваць на 5% ад страхавой сумы. Калі чалавек, на жаль, памёр ад каранавіруса, выплата складзе 100% страхавой сумы.
Страхавы ўзнос на адну застрахаваную асобу разлічваецца зыходзячы з тарыфу 1%, памножанага на памер страхавой сумы. Апошняя ўсталёўваецца на выбар страхавальніка. Напрыклад, пры страхавой суме 3000 рублёў гадавы ўзнос складзе 30 рублёў.
Дагавор страхавання дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, але ўступае ў сілу не раней чым праз 5 каляндарных дзён з дня выплаты страхавой прэміі. Не прымаюцца на страхаванне асобы, якія праходзяць лячэнне ад каранавіруса, а таксама знаходзяцца на каранціне (на самаізаляцыі) у сувязі з захворваннем.
Святлана ВАРОШКА.