Чым бліжэй Новы год, тым больш яркіх агнёў, святочных інсталяцый, упрыгожаных будынкаў з’яўляецца на вуліцах гарпасёлка і сельскіх населеных пунктаў. А каб прадпрыемствы і арганізацыі раёна больш актыўна вялі працу ў гэтым накірунку, райвыканкам абвясціў раённы конкурс на лепшае навагодняе афармленне.
Згодна з палажэннем аб конкурсе, да ўдзелу ў ім запрашаюцца прадпрыемствы і арганізацыі раёна ўсіх формаў уласнасці. Праводзіцца конкурс па 23 снежня. Лепшае навагодняе афармленне будзе ацэньвацца ў некалькіх намінацыях. Напрыклад, у намінацыі «З Новым годам, Бешанковічы!» журы ацэніць падрыхтоўку прадпрыемства да свята комплексна: гэта і віншаванне работнікаў з Новым годам, і афармленне ўваходных груп, вітражоў, фасада будынка, прылеглай тэрыторыі, і святочная ілюмінацыя, і ўстаноўка і афармленне навагодніх жывых і штучных елак розных канфігурацый, і ачыстка тратуараў і пешаходных дарожак ад снегу і лёду.
Каб прыняць удзел у намінацыі «Новы год да нас імчыцца», неабходна аформіць аўтатранспарт прадпрыемства шляхам размяшчэння ў яго салоне стыкераў або плакатаў з навагоднімі віншаваннямі, а таксама ўпрыгожвання гірляндамі і мішурой. «Снежнае царства» — так называецца яшчэ адна намінацыя конкурсу. У ёй выберуць лепшыя ледзяныя і снежныя скульптуры, гарады, горкі, казачныя персанажы, размешчаныя на тэрыторыі арганізацый.
У намінацыі «Навагодні настрой» пераможцам будзе прызнана гандлёвае прадпрыемства, кафэ або рэстаран, што лепш за ўсіх справіцца са святочным афармленнем залы. У дадзеным выпадку важную ролю адыграюць абсталяванне аддзела або вітрыны з навагоднім асартыментам тавараў, арганізацыя тэматычных выстаў-продажаў, дэгустацый, прадастаўленне святочных зніжак.
24 снежня адбудзецца ўшанаванне лаўрэатаў конкурсу, пройдзе яно на цэнтральнай плошчы гарпасёлка. Арганізатары адзначаюць, што пры вызначэнні пераможцаў улічаць унікальнасць і арыгінальнасць навагодняга афармлення, яго казачнасць і эстэтычнасць, наяўнасць гармоніі каляровага рашэння і г. д.
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 6-50-71.