Close
Курс валют: $ 3.415 | € 3.5911 | ₽100 3.3927 | 
 Погода в Бешенковичах: 1 °Cясно

В Бешенковичском райисполкоме проанализировали работу сельскохозяйственных организаций района в животноводческой отрасли за 2020 год

У вырашэнні задач сельскагаспадарчай вытворчасці раёна недарэчна спадзявацца на садзейнічанне знешніх фактараў: у большай ступені вынік дасягаецца за кошт суб’ектыўных, самы галоўны з якіх — строгая вытворчая і тэхналагічная дысцыпліна. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі пасяджэння райвыканкама, дзе была падрабязна прааналізавана праца сельскагаспадарчых арганізацый раёна ў галіне жывёлагадоўлі за 2020 год.

У абмеркаванні пытання прынялі ўдзел выконваючы абавязкі старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Васіль Герасімаў, намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці Вадзім Валовіч, а таксама намеснік старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Прыдыбайла.

У Бешанковіцкім раёне аграпрамысловы сектар — ключавы ў забеспячэнні эканамічнага развіцця. На гэтым фоне вельмі сур’ёзнай выглядае праблема невыканання ў 2020 годзе задання па тэмпе росту валавой прадукцыі жывёлагадоўлі, улічваючы, што менавіта гэтая галіна з’яўляецца лакаматывам эканомікі любой арганізацыі, звязанай з сельскагаспадарчай вытворчасцю. Як далажыў прысутным першы намеснік старшыні райвыканкама-начальнік упраўлення райсельгасхарчу С. Г. Акуневіч, валавая прадукцыя жывёлагадоўлі за 2020 год у раёне склала 43,8 млн рублёў, або 89% у параўнанні з 2019 годам. У сваім дакладзе Сяргей Генадзевіч падрабязна спыніўся на выкананні паказчыкаў вытворчасці кожнага віду жывёлагадоўчай прадукцыі.

Малако

Вытворчасць малака за 2020 год па раёне склала 28,7 тыс. тон, або 95,1% да ўзроўню 2019 года. Сярод 6 сельгасарганізацый толькі  2 — СУП “Свіціна-ВМК” і СУП “Вядзерава” — забяспечылі прырост вытворчасці малака (107,9 і 113,7% адпаведна) і нават перавыканалі даведзенае заданне. ААТ “Бешанковічы аграсэрвіс” сумесна з ЗАТ “Цэрэрас груп” выраблена за мінулы год 2987 тон малака, або 110,6%. Аднак пры гэтым даведзенае заданне гаспадаркай не выканана. Астатнімі сельгаспрадпрыемствамі атрыманы рэгрэс вытворчасці малочнай прадукцыі. Так, у КСВУП “ДраздыАгра” недаатрымалі да ўзроўню 2019 года 403 тоны малака, у КСВУП “ПалітаддзелецАгра” — 97 тон, у ЗАТ “ААБ-Агра Наватар” — 1830 тон.

— На тэрыторыі раёна, — адзначыў Сяргей Генадзьевіч, — функцыянуюць 20 малочна-таварных ферм, у тым ліку 3 прамысловыя комплексы. 55% дойнага статка знаходзяцца на камбінаваным зімова-стойлавым і летне-пашавым утрыманні з даеннем жывёл на малакаправодзе (у дадзеных умовах за мінулы год выраблена 17330 тон малака, або 60% ад агульнага аб’ёму), астатняе пагалоўе — на круглагадовым стойлавым утрыманні з даеннем жывёл у даільнай зале (11393 тоны, або 40%).

Крыху пазней, каментуючы дадзеныя паказчыкі, кіраўнік кантралюючага органа краіны В. М. Герасімаў звярнуў увагу сельгасвытворцаў Бешанковіччыны на неабходнасць забеспячэння дойнага статка належнай кармавой базай і выканання ўсіх тэхналагічных аспектаў. Тады будзе і аддача ад сучаснай сістэмы вытворчасці малака на малочна-таварных комплексах.

За 2020 год рэалізавана ў фізічнай вазе 25,6 тыс. тон малака пры таварнасці 89,1%, што складае 94,4% у параўнанні з 2019 годам. Станоўчая дынаміка забяспечана СУП “Свіціна-ВМК”, СУП “Вядзерава”  і ААТ “Бешанковічы аграсэрвіс”. Гатункам “экстра” ў цэлым па раёне рэалізавана 78,6% ад агульнай колькасці. У параўнанні з 2019 годам адзначаецца павышэнне якасці рэалізаванага малака (гатункам “экстра” ў 2019 годзе рэалізавана 64,9% ад агульнага аб’ёму). За студзень-снежань мінулага года надоена 5020 кілаграмаў малака на карову, або “мінус” 300 кг у параўнанні з 2019 годам. Са станоўчага боку адзначаны калектыў свіцінскіх жывёлаводаў, дзе сямітысячны надой на карову за мінулы 2020 год удалося не толькі захаваць, але і прымножыць.

Мяса

Вытворчасць (вырошчванне) буйной рагатай жывёлы за 2020 год у раёне склала 2556,5 тон, або 99,4% у параўнанні з 2019 годам. Толькі дзве гаспадаркі — СУП “Свіціна-ВМК” і КСВУП “ПалітаддзелецАгра” — забяспечылі як прырост вытворчасці жывёлы (107,8 і 107,9% адпаведна), так і выкананне даведзенага задання. У ААТ “Бешанковічы аграсэрвіс” вырошчванне жывёлы за мінулы год склала 100,3%.

Як вядома, вельмі негатыўна на развіццё жывёлагадоўчай галіны рэгіёна адбілася сітуацыя, якая склалася ў свінагадоўлі. У выніку ліквідацыі пагалоўя свінагадоўчага комплексу “Свіціна” УП “Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў” у 2020 годзе недаатрымана 1402 тоны прадукцыі вырошчвання свіней. Яшчэ 295 тон мяса не ўвайшлі ў агульны залік з-за змены накірунку дзейнасці свінагадоўчай пляцоўкі ў Сокарава ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” (раней тут размяшчалася адкормачнае пагалоўе, а ў 2020 годзе арганізавана ўтрыманне рамонтных свінак, прырост жывой масы якіх значна ніжэй). Таму ў мінулым годзе трэба было вырашыць складанае і напружанае пытанне па запуску свінагадоўчага комплексу “Свіціна” і нарошчванні яго існуючых магутнасцяў, з чым атрымалася паспяхова справіцца дзякуючы сумеснай плённай дзейнасці як з боку раённых арганізацый, так і Віцебскага аграпрамысловага аб’яднання. На пачатак бягучага года колькасць свіней па раёне склала 6,2 тыс. галоў.

Узнаўленне статка

Па стане на 1 студзеня 2021 года колькасць буйной рагатай жывёлы ў грамадскім сектары склала 18634 галавы (“плюс” 347 галоў), або 101,9 у параўнанні з пачаткам мінулага года. Як растлумачыў С. Г. Акуневіч, станоўчая дынаміка па нарошчванні пагалоўя буйной рагатай жывёлы дасягнута ва ўсіх сельгасарганізацыях рэгіёна за выключэннем КСВУП “ДраздыАгра” і ААТ “Бешанковічы аграсэрвіс”. Даведзенае заданне на 2020 год у 18500 галоў выканана.

Невытворчае выбыццё маладняку склала 423 галавы, або 96,4% у параўнанні з 2019 годам. Працэнт невытворчага выбыцця да прыплоду па раёне склаў 6,7%, што вышэй на 0,5 працэнтных пункта, чым у 2019 годзе, што абумоўлена зніжэннем колькасці атрыманага прыплоду (“мінус” 743 галавы, 395 з іх (53%) недаатрымана з-за ліквідацыі КСВУП “ПлісыАгра”, 348 галоў недаатрымана ў дзеючых сельгасарганізацыях раёна). Захаванасць жа буйной рагатай жывёлы вышэй за ўзровень 2019 года (падзеж буйной рагатай жывёлы ўсіх уліковых груп склаў 354 галавы (87,2%).

Пад цялення 2020 года ў гаспадарках раёна была асемянёна 10781 галава, у тым ліку кароў — 7343 галавы, цёлак — 3438. На 1 студзеня 2021 года пад цяленне 2021 года асемянёна пакуль 7831 галава кароў і цёлак. Па запэўненні дырэктара філіяла “Бешанковіцкая племстанцыя” У. П. Белязекі, якому таксама было дадзена слова, у бліжэйшыя 2-3 месяцы заданне па асемяненні жывёлы будзе выканана.

 

Прычыны няўдач вядомыя

У рамках пасяджэння райвыканкама адбыўся глыбокі тэарэтычны разбор прычын, якія перашкаджаюць асобным сельгаспрадпрыемствам, фермам  наладзіць працу ў жывёлагадоўлі на належным узроўні. Былі заслуханы тлумачэнні кожнага з кіраўнікоў наконт выяўленых недапрацовак і іх ліквідацыі.

Актуальнай для гаспадарак раёна на працягу шэрагу гадоў застаецца праблема недастатковага забеспячэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы кармамі, з-за чаго не ажыццяўляецца аднатыпнае круглагадовае кармленне кароў на малочна-таварных фермах і комплексах, абсталяваных даільнымі заламі. Паўтарагадовы запас травяных кармоў, напрыклад, у нашым раёне забяспечыла толькі адно сельгаспрадпрыемства — СУП “Свіціна-ВМК”. Таму важна, і на гэта яшчэ раз звярнула ўвагу кіраўнікоў гаспадарак старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч, каб ужо цяпер, у зімовы перыяд, арганізацыі АПК, якія не дабралі травяністыя кармы да неабходных аб’ёмаў, правялі пільны аналіз наяўных рэзерваў па павелічэнні нарыхтоўкі кармоў і за кошт іх да наступнай зімоўкі жывёлы выйшлі на запланаваныя паказчыкі.

Далёка не лепшай з’яўляецца якасць травяных кармоў, што прыводзіць да незбалансаванасці рацыёнаў кармлення жывёл па асноўных крытэрах. Найбольш востра ў раёне адчуваецца дэфіцыт бялку і абменнай энергіі. Забяспечанасць пратэінам рацыёну дойных кароў складае 75-80%. З-за нізкай якасці травяных кармоў сельгасарганізацыі вымушаны дадаткова набываць у якасці крыніцы бялку розныя шроты і дадаткі.

Прытармажвае развіццё жывёлагадоўчай галіны і састарэлая матэрыяльна-тэхнічная база аб’ектаў — у нашым раёне 70% малочна-таварных ферм эксплуатуюцца больш за 40 гадоў. Хоць у мінулым годзе, нават нягледзячы на недахоп абаротных сродкаў, удалося ўвесці ў эксплуатацыю 3 траншэі, а КСВУП “ПалітаддзелецАгра” і СУП “Свіціна-ВМК” за кошт уласных сродкаў правялі аднаўленчыя работы на фермах “Касарэўшчына” і “Світанак”.

Вострая крытыка з боку запрошаных гасцей прагучала з нагоды недастатковага ўзнаўлення і захаванасці дойнага статка. Сярод галоўных прычын невытворчага выбыцця буйной рагатай жывёлы былі названы чалавечы фактар, нізкая вытворчая дысцыпліна на фермах і комплексах, ёсць пытанні і да ветэрынарных службаў, бо на ўзнаўленне статку адмоўна ўплывае несвоечасовая прафілактыка і лячэнне хвароб жывёл. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка назваў сітуацыю з падзяжом жывёлы ў сельгаспрадпрыемствах рэспублікі “абуральнай безгаспадарчасцю”. Менавіта з ёй, па словах В. М. Герасімава, і трэба змагацца, словам, каб забяспечыць захаванасць жывёлы, неабходна жорсткая дыктатура тэхналогіі вытворчасці.

Не раз падчас пасяджэння райвыканкама гучала думка пра тое, што поспех жывёлагадоўлі шмат у чым залежыць ад раслінаводства. Напрыклад, вырашаць праблему дэфіцыту бялку можна за кошт вырошчвання бабовых культур на збожжа, пасеваў зернебабовых сумесяў і крыжакветных на зялёны корм, нарыхтоўкі сіласу з высокім утрыманнем пратэіна, сюды ж можна аднесці і нарыхтоўку сіласу са змешаных пасеваў злакавых і крыжакветных культур… Нельга марудзіць і з рамонтам кормаўборачнай тэхнікі, да гэтай справы необходна прыступаць ужо зараз.

Безумоўна, жывёлагадоўля — складаная галіна. І праблемы з ёй існуюць не толькі ў Бешанковіцкім раёне. Але сёння важна разумець: ад таго, як будуць працаваць жывёлаводы, наўпрост залежыць дабрабыт асобнай гаспадаркі, рэгіёна, вобласці, краіны ў цэлым.  

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

0 Comments
scroll to top