Багата талентамі зямля бешанковіцкая. Багата людзьмі працавітымі, вернымі справе і абавязку, слаўнымі высокімі дасягненнямі. Заслужаны поспех — плён іх мазольных рук. Ад цямна да цямна працаўнікі вёскі шчыруюць на палях і фермах, даглядаюць пасевы, жывёлу, аруць, сеюць, жнуць… А колькі сярод гэтых рупліўцаў моладзі!
Вельмі радуе, што сёння, маючы ўсе перспектывы, каб з’ехаць у горад і там асесці, маладыя людзі ўсё ж аддаюць перавагу сельскай мясцовасці. Наш субяседнік — аператар машыннага даення ДП «Палітаддзелец-Агра» Ю. А. Шульц — іншага жыцця не шукаў.
Нягледзячы на маладосць, здолеў заявіць пра сябе ў такой няпростай і, на першы погляд, не мужчынскай прафесіі. Але ж хто паспрачаецца, што гэта праца толькі жаночая? На яго плячах немалы клопат — 65 падапечных. У абласным спаборніцтве па вытворчасці малака ў сакавіку хлопец стаў лепшым сярод маладых аператараў машыннага даення (сярэдні ўдой на карову за месяц — 581 кг, калі вопытныя калегі з Докшыцкага, Верхнядзвінскага і Віцебскага раёнаў надаілі кіла-
грамаў на 200–300 больш). Дыплом пераможцы і грашовую прэмію старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК М. В. Кавалёнак уручыў перадавіку на яго
рабочым месцы — МТФ «Берасні».
Прыемнай нечаканасцю былі таксама віншаванні ад калег і кіраўніцтва. Усе заўважылі, як добра малады чалавек спраўляецца з абавязкамі і адразу знайшоў агульную мову з жывёлай. Для працаўніка гэтыя словы падзякі і падтрымкі шмат значаць.
– Вёсцы неабходны розныя спецыялісты, вопытныя і юныя, каб захоўвалася пераемнасць пакаленняў, каб кожны ведаў, адкуль бяруцца хлеб і малако, колькі для гэтага сіл, часу, здароўя патрэбна, — разважае Юрый Аляксандравіч. — Калі прыйшоў час вызначаць жыццёвы шлях, не сумняваўся ні хвіліны. Можна нават сказаць, не я прафесію, а яна выбрала мяне, бо перад вачыма быў добры прыклад: з жывёлагадоўляй звязалі лёс бацькі.
З дзяцінства яны вучылі паважаць працу і адкрылі самы важны яе сакрэт. Галоўнае — любоў да жывёлы. Сем гадоў, як працую ў гэтай сферы, тры з іх — на дадзенай ферме, таму з упэўненасцю кажу: як ты да рагуль ставішся, так і яны да цябе. Сваіх ласкавых «сябровак» я люблю ўсім сэрцам, за што тыя і аддзячваюць высокімі надоямі.
Малады даяр родам з аг. Кавалі Лёзненскага раёна. Дарогі лёсу прывялі да нас, тут сустрэў і сваё каханне, стварыў сям’ю (жонка Анастасія таксама працуе аператарам). Сельгаспрадпрыемства выдзеліла ім у Камосках дом. Здаецца, жыві ды радуйся, усё толькі пачынаецца, а шчасцю ўжо няма мяжы: першага
красавіка на свет з’явілася дачушка… Напорыстасць, мэтанакіраванасць, дабрыня і спагада лепшага даяра вартыя павагі. Калегі прадказваюць яму паспяховы
кар’ерны рост. Чаму б і не? Хлопец паралельна вучыцца ў Віцебскай ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, атрымлівае
спецыяльнасць заатэхніка. Аднак пакуль далёка ў будучыню не заглядае, плануе і далей працаваць гэтак жа, шчодра дзяліцца з буронкамі цеплынёй свайго сэрца.
Марыя САНЬКО.