28 снежня прыёмную сям’ю Галдобенка з навагоднімі сюрпрызамі наведалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Галіна Унуковіч, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Ерашоў і начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Наталля Хадыка.
У цяперашні час Ала Мікалаеўна і Уладзімір Сцяпанавіч Галдобенка выхоўваюць траіх прыёмных дзяцей — 5-гадовага Аляксея, 7-гадовага Аляксандра і 11-гадовую Анастасію. Галіна Уладзіміраўна выказала словы падзякі бацькам за іх нялёгкую штодзённую працу па выхаванні дзяцей і пажадала ўсёй сям’і шчасця, здароўя, дабрабыту і здзяйснення запаветных жаданняў.
У зносінах гасцей і сямейства Галдобенка было шмат усмешак, смеху, абмену ўражаннямі. Дзеці з задавальненнем дэманстравалі свае творчыя здольнасці: дэкламавалі вершы, спявалі. Жаданай была для іх і сустрэча з Дзедам Марозам і Снягуркай. А як іскрыліся ад радасці дзіцячыя вочы, калі справа дайшла да падарункаў!.. Што ні кажы, а для дзяцей, асабліва тых, якія маюць патрэбу ў асаблівай увазе грамадства, выхаванцаў апякунскіх і прыёмных сем’яў, дамоў сямейнага тыпу, важныя любыя станоўчыя эмоцыі. Яны дапамагаюць ім не разгубіць веру ў дабрыню і цяпло сэрцаў навакольных людзей, паверыць у сябе.