Сямейныя адносіны, выхаванне дзяцей — справа, вядома, асабістая. Але бываюць выпадкі, калі без умяшання дзяржорганаў не абысціся: калі ёсць пагроза здароўю, бяспецы, а часам і жыццю дзіцяці.
Чарговае папярэджанне або адабранне дзяцей з сям’і? Такое пытанне стаяла на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама ў дачыненні да нядобранадзейнай сям’і, у якой выхоўваюцца два сыны. У жніўні мінулага года дзяцей прызналі знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы. З бацькамі шмат гутарылі, папярэджвалі, прасілі ўзяцца за розум… Вынік нулявы. У сям’і па-ранейшаму здараюцца канфлікты, нярэдка справа даходзіць да рукапрыкладства. Толькі за апошнія паўгода супрацоўнікі міліцыі тройчы выязджалі ў сям’ю, каб уціхамірыць п’янага бацьку. Чарговы скандал адбыўся напярэдадні Новага года, дзяцей тады змясцілі ў бальніцу. Наведваючы сыноў, маці паводзіла сябе неадэкватна (была ў нецвярозым стане), абражала медперсанал.
…Сям’я і дом — самае дарагое ў жыцці кожнага чалавека. Тут цёпла і ўтульна, тут любяць і чакаюць, тут заўсёды абароняць і зберагуць, падтрымаюць, выслухаюць і дапамогуць. Але ўсё разбураецца, калі ў сям’і ўзнікае праблема алкагалізму. Усім вядома: п’юць бацькі — пакутуюць дзеці. Дык вось, каб дзеці не пакутвалі, установа дашкольнага выхавання, якую наведвае старэйшае дзіця, звярнулася ў КСН з хадайніцтвам аб прызнанні непаўналетніх дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Аргументаў прыведзена дастаткова. Мала таго, што бацькі рэгулярна ўжываюць спіртныя напоі, скандаляць, дык яшчэ і маюць запазычанасць за «камуналку», бацька афіцыйна не працаўладкаваны. Зараз з сям’ёй будуць працаваць па індывідуальным плане абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх — члены камісіі аднагалосна прынялі рашэнне аб тым, што хлопчыкаў неадкладна трэба браць пад абарону дзяржавы. І калі ў бацькоў здаровы сэнс возьме верх, яны прымуць неабходныя меры, каб вярнуць дзяцей дадому.
* * *
Паводле інфармацыі камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, на 1 студзеня 2022 года 27 бешанковіцкіх сем’яў, у якіх выхоўваюцца 59 непаўналетніх, знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. У мінулым годзе 1 дзіця было прызнана маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. 2 бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў па рашэнні суда. На жаль, службам аховы дзяцінства пакуль яшчэ даводзіцца ісці на такія меры, каб абараніць дзяцей ад іх жа бацькоў.
Святлана ВАРОШКА.