Вясна сёлета капрызная, штодзень мяняе сваё аблічча. Але аграрыі раёна пад змены надвор’я падладжваюцца.
Ажывіліся палі, загаманіла тэхніка. Праца зараз ідзе на ўсіх франтах. Работнікі сельгаспрадпрыемстваў уносяць арганічныя ўгнаенні, вядуць падкормку шматгадовых траў, сенажацяў і пашы, азімых збожжавых культур…
У аўторак мы завіталі на палеткі КСВУП «ПалітаддзелецАгра». Адказная місія — падкормка азімых — сёлета, як і заўсёды, даручана механізатару В. С. Ляховічу. Два дзесяцігоддзі, як Віктар Сямёнавіч шчыруе на «МТЗ-952», жалезны сябра не падводзіць, нягледзячы на свой даволі сталы для трактара ўзрост. Дзённую норму працаўнік перавыконвае амаль у 3 разы.
— Як скончыцца гэты від работы, вазьмуся за штурвал «КВК-800», буду займацца нарыхтоўкай кармоў, потым на чарзе прасаванне саломы, а там зноў на «КВК-800», убіраць царыцу палёў, — кажа перадавік.
Наш суразмоўца родам з Драбушова. Як звязаў жыццё больш за 30 гадоў таму са сферай сельскай гаспадаркі, тут і застаўся. У калгасе на трактары працавалі бацька і брат, маці была паляводам, працаўнікамі выраслі дзеці (хоць тыя і не пайшлі па пракладзенай бацькам дарозе, выбралі свой шлях, аднак добра ведаюць, што такое вясковая праца).
Прынцып «больш папрацаваў — больш і зарабіў» дзейнічае. Чаму б і не? Прадпрыемства некалі выдзеліла сям’і дом у Лабачове, з цягам часу яго прыватызавалі. Жывуць, працуюць, гаспадарку трымаюць, без яе ніяк. Калі не ленавацца, і на вёсцы можна быць шчаслівым…
Па апошніх дадзеных, В. С. Ляховіч падкарміў 403 га сенажацяў і пашы, 165 га азімых. Унясеннем арганікі ў гаспадарцы займаецца не менш адказны і працавіты механізатар — Яўген Віктаравіч Апатаў, на «МТЗ-1221» ён, акамя таго, падсяваў шматгадовыя травы (810 га).
Як адзначылі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, па стане на раніцу 7 красавіка, сенажацяў і пашы ў раёне падкормлена 413 га, лідарамі на дадзеным відзе работ з’яўляюцца палітаддзельцы (403 га), азімых крыжакветных — 848 га, а збожжавых — 3746 га, лепшыя тут — рупліўцы СУП «Вядзерава» (655 га), шматгадовых траў — 210 га (яны на рахунку наватарцаў).
Марыя САНЬКО.