На мінулым тыдні ў рамках пасяджэння раённага выканаўчага камітэта адбылася ўрачыстая прэзентацыя навукова-папулярнай кнігі «Нарысы Бешанковіцкага краю».
Выпуск дадзенага, не пабаюся сказаць, фундаментальнага выдання прымеркаваны да 575-гадовага юбілею Бешанковіч. Гэта кніга — сапраўдны падарунак тым, хто шануе і любіць Бешанковіцкі раён. Над яе стварэннем працавала вялікая колькасць неабыякавых людзей. Дапамогу аўтарам — Анатолю Крачкоўскаму, Максіму Чарняўскаму, Станіславу Леаненку, Аляксандру Вашанаву, Міхаілу Чарняўскаму і Марыне Біруковай, якія шчодра падзяліліся з чытачамі сваёй рэдкай, каштоўнай інфармацыяй пра наш край, — аказалі супрацоўнікі раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а ддзела і ўстаноў адукацыі раёна, Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, калектывы музея, цэнтральнай раённай бібліятэкі, рэдакцыі раённай газеты «Зара».
«Багатая гісторыя нашага раёна — гэта цэлы храм, а, як вядома, дарога да храма не бывае лёгкай, — адзначыла, звяртаючыся да прысутных падчас урачыстасці, старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч. — Нарысы — гэта першая спроба перадаць унікальнасць непаўторнасць прыдзвінскага краю, падзяліцца яго духоўнымі, культурнымі i працоўнымi багаццямі з землякамі. Наперадзе — новыя ідэі, над рэалізацыяй якіх нам яшчэ трэба папрацаваць». А папрацаваць і сапраўды ёсць над чым. Днямі ў раён прыйшла добрая навіна — Віцебскім аблвыканкамам прынята рашэнне аб правядзенні ў Бешанковічах у 2024 годзе абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі».
«Нам дадзена ўнікальная магчымасць увасобіць у жыццё больш маштабныя праекты па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні, развіцці інфраструктуры, у выніку — зрабіць наш родны край больш прыгожым і камфортным для жыцця», — падкрэсліла кіраўнік раёна. Ну, а ўсім, дзякуючы каму «Нарысы Бешанковіцкага краю» выйшлі ў свет, Галіна Уладзіміраўна выказала шчырыя словы падзякі.
Пра тое, як стваралася доўгачаканая для многіх жыхароў раёна кніга, расказала яе складальнік — дырэктар раённага гісторыка-краязнаўчага музея М. В. Бірукова, якой, як прызналася яна сама, давялося ўпершыню паспрабаваць пісаць падобнага роду нарысы. «Сімвалічна, што работа над напісаннем кнігі праводзілася менавіта ў Год народнага адзінства, — заўважыла Марына Васільеўна. — Мы аб’ядналіся дзеля добрай справы — справы захавання гісторыка-культурнай спадчыны нашай Бешанковіччыны. Асновай кнігі сталі багатыя матэрыялы вядомых бешанковіцкіх краязнаўцаў — Станіслава Пятровіча Леаненкі і Анатоля Вячаслававіча Крачкоўскага, з якімі музей супрацоўнічае практычна штодня. Для падрыхтоўкі раздзела «Старажытнасць» давялося звярнуцца да супрацоўнікаў Нацыянальнага інстытута гісторыі Рэспублікі Беларусь Максіма Міхайлавіча Чарняўскага і Аляксандра Мікалаевіча Вашанава. Вопытныя археолагі дапамаглі не толькі з тэкстам, але і з фотаздымкамі знаходак Крывінскага тарфяніка. Падрыхтоўка апошніх раздзелаў, якія адлюстроўваюць сучаснае жыццё нашага рэгіёна, аб’яднала шмат людзей з розных працоўных калектываў, дзякуючы чаму атрымаліся цікавыя і насычаныя летапісы прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый раёна».
Кніга «Нарысы Бешанковіцкага краю» акрамя тэкстаў багата фотаматэрыяламі. Апошнія прадаставілі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, раённая газета «Зара», фатографы-прафесіяналы і аматары — Леанід Акулёнак, Яўген Шклярэўскі, Вікторыя Даўгалёва, Раман Кярэмша, Алёна Салаўёва, Алена Старадубцава, Васіль Аўчыннікаў, сям’я Чарняўскіх.
Раздзелы і падраздзелы кнігі гавораць самі за сябе: «Геаграфія краю», «Рэльеф», «Геалагічная будова і карысныя выкапні», «Клімат і прыродныя ўмовы», «Раслінны і жывёльны свет», «Старажытнасць», «Крывінская Атлантыда», «Ваеннае ліхалецце», «Нашы святыні», «Славутыя людзі Прыдзвіння» і іншыя.
Цудоўныя і па змесце, і па паліграфічным афармленні, «Нарысы Бешанковіцкага краю» сапраўды стануць здабыткам нашай культуры і зоймуць пачэснае месца ў бібліятэчных фондах і хатніх архівах.