Close
Курс валют: $ 3.415 | € 3.5911 | ₽100 3.3927 | 
 Погода в Бешенковичах: 1 °Cясно

Свитинские труженики делятся секретами хорошего урожая

Вясна для працаўнікоў вёскі — нялёгкі час. Надвор’е падштурхоўвае да аператыўнай яравой сяўбы ў сціслыя тэрміны. Як яна праходзіць у СУП «Свіціна-ВМК», мы даведаліся, завітаўшы на мясцовыя палеткі.

Эфектыўна і арганізавана кіпела ў свіцінцаў праца, на той момант яны пасеялі 823 га яравых культур, ці 87% ад плана. Стаўку рабілі на ячмень гатункаў «Бровар» (піваварнага прызначэння) і «Зубр» (кармавога), таксама пасеялі гарох, пшаніцу, авёс. На чарзе зараз — кукуруза, якой запланавана заняць 400 га.

На сяўбе «царыцы палёў» задзейнічаны Юрый Любачка. Падвозіць насенне Мікалай Шут. Мінеральныя ўгнаенні ўносяць Юрый Круцілін і Мікалай Дзяцел, арганіку — Уладзімір Лебедзеў, Дзяніс Шлык і Васіль Сідаровіч. Падкормку азімых і рапсу забяспечваюць Мікіта Тарасевіч (пакуль матэрыял рыхтаваўся ў друк, свіцінскі механізатар, выканаўшы сваю працоўную задачу, пайшоў служыць у армію) і Аляксей Ачапоўскі. Пратручваннем насення займаюцца Міхаіл Аскера і Андрэй Пляхневіч. Падрыхтоўкай глебы — Аляксандр Воранаў, Віктар Дарожка, Анатоль Асташонак. Пад пільным вокам яна і ў Юрыя Галая, чыё прозвішча сёлета ўпрыгожвае раённую Дошку гонару.

Галоўнага сейбіта гаспадаркі — Юрыя Любачку — сустрэлі ў полі ля Вярхоўя. За плячыма ў механізатара нямалы вопыт, ім асвоены ўсе віды сельскагаспадарчых работ, што ідуць ад пасяўной да ўборачнай. Зараз на яго рахунку — 520 га яравых збожжавых, 30 га яравога рапсу і 238 га кукурузы. Прыклад руплівасці і любові да зямлі бярэ з механізатара і Юрый Круцілін. Працаўнік у калектыве свіцінцаў толькі два гады, але ўжо паказаў сябе дбайным гаспадаром. «Мае бацькі ўсё жыццё адпрацавалі ў сельскай гаспадарцы, любіць зямлю навучылі і мяне, — расказвае Юрый Іванавіч. — Родам я з вёскі Дапаны. Пасля школы вучыўся ў Новалукомлі на будаўніка, стаў майстрам аддзелачных работ. Потым — армія, за ёй — дзесяцігоддзе на лесанарыхтоўцы. Праца была такая, што ўвесь час у камандзіроўках. Аднак кавід прымусіў задумацца і шукаць справу бліжэй да знаёмых мясцін. Так лёс і прывёў мяне ў родную гаспадарку. Тут выдзелілі дом, цяпер толькі жыві ды працуй…» Нашаму субяседніку акрамя ўнясення мінеральных угнаенняў даручылі яшчэ хімпраполку рапсу і азімых збожжавых.

Дырэктар сельгаспрадпрыемства Л. П. Мамойка на такіх рупліўцаў нарадавацца не можа. Нярэдка хваліць іх за добрасумленнасць. Даюцца ж высокія паказчыкі няпроста. Аднак нездарма кажуць: «Смачна паеў — добра папрацаваў». Баявы дух і добры настрой свіцінцаў падтрымліваюць майстры кулінарных спраў Аляўціна Шут і Любоў Салоха. Дастаўляюць абеды на поле Аляксандр Дарожка і Аляксандр Духовіч.
Марыя САНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

0 Comments
scroll to top